You are here

Улада займаецца гандлем нявольнікамі

Чаму празь некалькі тыдняў пасьля зьняволеньня аднаго палітычнага вязьня – Артура Фінькевіча – вызваляюць іншага – Зьмітра Дашкевіча? Што хоча сказаць Захаду гэтым крокам беларуская ўлада? Ці можа беларускае незалежнае грамадзтва рабіць нейкі ўплыў на правілы той гульні, якую спрабуе весьці з Захадам афіцыйны Менск?

Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у эфіры «Радыё Свабода» журналіст Віталь Цыганкоў, палітоляг Уладзімер Роўда і намесьнік Старшыні БНФ Віктар Івашкевіч.

Цыганкоў: “23 студзеня быў вызвалены Зьміцер Дашкевіч. Нагадаю, што ў лістападзе 2006 г. (ад верасьня 2006 г. ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары) Зьмітра Дашкевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. На волю ён меўся выйсьці 15 сакавіка 2008 г. Дашкевіч быў вызвалены паводле пастановы Вярхоўнага суду ад 22 студзеня. Што хоча сказаць улада, вызваляючы аднаго з самых вядомых палітычных вязьняў?”

Івашкевіч: “Улада хоча заняцца бізнэсам – гандлем нявольнікамі. Адных выпускаюць, іншых садзяць. У дачыненьнях з эўрапейцамі яны думаюць атрымліваць крэдыты за вызваленьні паасобных зьняволеных. А каб было чым гандляваць, адпаведна трэба набіраць новых.

Калі у канцы году Пуцін даў паўтара мільярда крэдыту Лукашэнку, усе захоплена абмяркоўвалі гэты геапалітычны паварот. А тое, што год таму “Райфанзэнбанк” даў мільярд даляраў крэдыту, гэтага асабліва ніхто не заўважаў. Дык трэба адзначыць, што Лукашэнка набраў крэдытаў у Эўропе больш, чым у Расеі, і сёлета наступае пэрыяд частку ўжо аддаваць. А значыць, трэба для гэтага недзе браць новыя, каб аддаць старыя, а таксама трэба аднаўляць крэдытны рэйтынг. Гэтыя крокі – спроба такім спэкулятыўным чынам вырашаць фінансавыя праблемы”.

Цыганкоў: “Віктар, калі вяртацца да вашых словаў, то “гандаль закладнікамі” можа працягвацца бясконца. Улада бярэ новых і “прадае” іх Захаду. Тады тут не відаць ніякага выйсьця з гэтага кола?”

Івашкевіч: “Захаду трэба больш пасьлядоўна ўвязваць эканамічныя дачыненьні з дэмакратызацыяй. Хаця, зь іншага боку, гэта й складана. Бо тыя эканамічныя праекты, якія ў аб’яднанай Эўропе ажыцьцяўляе Лукашэнка, робяцца з прыватнымі бізнэс-структурамі. І эўрапейскія ўлады ня могуць ім забараніць ці загадаць, з кім гандляваць і каму даваць крэдыты”.

Цыганкоў: “Тэарэтычна гэта можна зрабіць. Ёсьць прыклад Кубы: ЗША ўвялі санкцыі і забаранілі гандляваць з рэжымам Кастра...”

Івашкевіч: “Але Эўропа заўсёды парушала саюзныя абавязаньні з ЗША наконт санкцыяў да розных рэжымаў. Гэткая асаблівасьць эўрапейскай палітыкі... Думаю, што беларукім дэмакратычным палітыкам трэба ў першую чаргу апэляваць да эўрапейскай грамадзянскай супольнасьці, журналістаў, каб яны прасьвятлілі тыя бізнэс-структуры, банкі, якія фактычна даюць падтрымку рэжыму Лукашэнкі. І ўжо пад ціскам грамадзкай думкі можна карэктаваць дзеяньні гэтых структураў”.

Цыганкоў: “Ці можа беларускае незалежнае грамадзтва рабіць хоць які ўплыў на правілы той гульні, якую спрабуе весьці з Захадам афіцыйны Менск? Ці на гэты момант яно вымушана зьмірыцца з роляй староньняга назіральніка?”

Роўда: “І так, і не. Ня гледзячы на тую складаную сытуацыю, у якой цяпер апынуліся апазыцыя і няўрадавыя арганізацыі, калі б не было іх, калі б не было гэтага супраціву, не было б хваляваньняў улады з нагоды іх магчымай актывізацыі. Бачым, што выступ прадпрымальнікаў іх напалохаў даволі істотна. Карацей, існуе тая мінімальна неабходная сіла, якая выжыла і якая магла б адыграць сваю ролю ў дадзенай сытуацыі.

Усё залежыць ад наяўнасьці такой рэчы, як салідарнасьць. Калі яна будзе праяўляцца, то яе заўважыць Эўропа і на яе будзе вымушаны адгукацца Лукашэнка. Падчас выступу прадпрымальнікаў мы ўжо бачылі больш актыўны ўдзел палітычных партыяў, моладзевых арганізацыяў”

Хартыя-97

Навіны Беларусі: 
У сьвеце: