You are here

Беларуская Дыяспара Бэльгіі адзначыла Дзень Волі

25 сакавіка Беларуская Дыяспара Бэльгіі разам з усім нацыянальнасьвядомым беларускім сьветам адзначыла выдатную урачыстасьць – Дзень Волі, усталяваны ў памяць абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

Сьвяткаваньне было распачатае ў Беларускай Царкве ў Антвэрпане, дзе быў адслужаны Малебен за Беларускі народ. У часе Набажэнства была асьвячана выява Крыжа на мармуровай Пагоні, якая ўлетку будзе ўрачыста ўсталяваная на магіле Старшыні Рады БНР сьветлай памяці Міколы Абрамчыка, цела якога спачывае ў Парыжы.

У вітальным слове парах Беларускай Царквы сьвятар Ян Майсейчык падкрэсьліў сымбалізм таго, што Беларускай Незалежнасьць была абвешчаная ў Сьвята Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы. Пасьля Дабравешчаньня Багародзіцы належала прайсьці пакутны шлях аж пакуль яна здабыла разам з усім чалавечым родам вызваленьне праз Свайго Сына. Абвяшчэньне Беларускай Незалежнасьці таксама не стала момантам імгненнага вызваленьня нашага Народу, але абазначыла пачатак пакутнага і адначасова гераічнага часу да здабыцьця волі. Адзначэньне гэтае даты скіроўвае нас да асэнсаваньня пройдзенага і сучаснага змаганьня за Незалежнасьць і да схіленьня галоваў перад гераізмам змагароў усіх пакаленьняў.

Пасьля Набажэнства ўдзельнікі сьвяткаваньня накіраваліся ў Лёвэн, на магілу сьветлай памяці Міколы Равенскага, выбітнага кампазытара, аўтара музыкі да гімну “Магутны Божа”. Пасьля Паніхіды за душу Міколы Равенскага і ўсіх правадыроў і ваяроў, што жыцьцё сваё за веру Сьвятую і Бацькаўшчыну паклалі, cтаршыня Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня (БЭЗ) сп. Зьміцер Піменаў перадаў сьвяточнае вітаньне ад старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвілы.

Пасьля ускладаньня кветак і запаленьня зьнічыка удзельнікі накіраваліся да ветэрана змаганьня за волю Беларусі сп. Янкі Жучкі, які, нягледзячы на хваробу, прыняў гасьцей з радасьцю і вялікім узрушэньнем.

Завершылася сьвяткаваньне сьвяточнай, але поснай вячэрай ў рэстарацыі.

Навіны дыяспары: