You are here

15 лістапада – пачатак Каляднага посту

15 лістапада, адразу пасьля дня сьв. Апостала Піліпа, Сьвятая Царква распачые Калядны пост (Піліпаўку), які будзе доўжыцца да 25 сьнежня і мэтаю якога зьяўляецца духовая падрыхтоўка вернікаў да сустрэчы вялікае ўрачыстасьці – Нараджэньня Хрыстовага.

Гэты Пост належыць да аднаго з чатырох працяглых хрысьціянскіх постаў і мае вельмі старажытнае паходжаньне. Радзімай гэтага Посту ёсьць старажытная Галія, - сёньняшнія Бельгія, Францыя, частка Германіі і Паўночнай Італіі, дзе ён распаўсюдзіўся яшчэ ў 4-5 стагоддзі, спачатку сярод манаства, а і сярод сьвецкіх вернікаў. Адсюль ён перайшоў да Рыму і Італіі і, неўзабаве, да Англіі. Тут жа, на Захадзе, гэты Пост атрымаў лацінскую назву “адвэнту” (“adventus” - “прыйсьце”), бо так спачатку называлася само сьвята Нараджэньня Хрыстовага, гэта значыць прыйсьця ў целе Госпада Ісуса Хрыста. Пра неабходнасьць гэтага посту ўжо ў IV стагоддзі згадваюць такія сьветачы сьвятасьці, як сьвяты Амброзій Міланскі, сьвяты Аўгустын Іпонскі, а ў V стагоддзі сьвяты Леў Вялікі, Папа Рымскі, кажа пра Калядны пост, як пра старажытную традыцыю Царквы Божай.

На Ўсходзе гэты пост пачаў распаўсюджвацца толькі ў VI стагоддзі, калі Канстантынопальскі патрыярх Ян Посьнік зацьвердзіў правіла, якое загадвала, што сьвецкім вернікам “належыць устрымоўвацца ад мяса ў дзьве Саракавіцы, гэта значыць пост сьв. Піліпа (Калядны пост) і пост сьв. Апосталаў Пятра і Паўла”. Агульным для цэлага Ўсходу Піліпаў (Калядны) пост стаў толькі ў IX стагоддзі.

Прыпісы Посту

Адзін са старажытных царкоўных статутаў кажа, што “усе тыя, хто пабожна посьціць павінны строга захоўваць статуты аб якасьці ежы, гэта значыць устрымоўвацца ад страваў, не як ад паганых (хай ня будзе гэтага!), а як неадпаведных посту і забароненых Царквой. Стравамі, ад якіх належыць устрымоўвацца падчас посту, зьяўляюцца: мяса, сыр, каровіна масла, малако, яйкі, а часам і рыба, гледзячы на рознасьць сьвятых постаў”.

Але трэба зазначыць, што падобныя статуты былі выпрацаваныя ў сярэднявеччы перадусім для манаскіх супольнасьцяў, для якіх надзвычайная аскеза была і застаецца сьвядома абраным жыцьцёвым шляхам, які аніколі не быў прызначаны для ўсіх пасьлядоўнікаў Хрыста. Вядома, што падзьвіжнікі веры, аскеты і самотнікі заўсёды выклікалі асаблівую павагу з боку сьвецкіх вернікаў, і гэтая павага заканамерна вылівалася ў жаданьне пераймаць гэтых падзьвіжнікаў у іх спосабе жыцьця. Паколькі, зразумела, сямейныя людзі не маглі пакінуць свае сем’і і стацца таксама інакамі, то яны пераймалі апошніх хаця б у пастох, малітоўным правіле і нейкіх зьнешніх атрыбутах. З цягам часу ўплыў манаскага спосабу духовага чыну стаўся такім вялікім, што тое, што было спачатку выпрацавана жыхарамі манастыроў ды скітоў для іх самых, стала абавязковым і для сьвецкіх вернікаў. Аднак гэтае прымусовае навязваньне манастырскага статуту простым вернікам заўсёды было ў Царкве дыскусійным, і то і дзела прымушала сьвятароў казаць пра так званае “паслабленьне” посту то для хворых, то для нямоглых, то для цяжка працуючых, то для падарожнікаў, а ў апошнія часы і для студэнтаў, шкаляроў, ваяроў і т.д. і т.п. Вельмі часта прыпісы посту сталі прадметам нейкага асабістага густу і схільнасьці таго ці іншага сьвятара, які адпаведна свайму меркаваньню “паслабляе” альбо “усуворвае” яго для вернікаў сваёй парафіі. Болей таго, вельмі часта на падставе гэтых суб’ектыўных меркаваньняў пачынаецца гаворка пра “праваслаўнасьць” альбо “неправаслаўнасьць” посных практыкаў і, адпаведна, як грыбы пасьля дажджу, вырастаюць рознага кшталту спэкуляцыі адносна таго, хто больш сьвяты, богуўгодны, праваслаўны...

І тут трэба зазначыць, што Хрыстовая Царква перадусім ва ўсе часы, заўсёды і ўсюды, гэта значыць па-каталіцку, верыла і навучала, што "калі посьціш, пакажы справы добрыя: бачучы беднага – зьлітуйся, з кім зло маеш – памірыся, нікому не зайздросць ані рабі зла, блуду гідзься, хай не толькі твае вусны посьцяць, але і вочы не хцівяцца на чужое дабро і вушы адхіляюцца ад слуханьня нязбожных, рукі ад грабежніцтва і ліхвярства ачышчай, ногі ад хаджэньня на відовішчы; не сілкуйся злымі ўчынкамі; вусны хай посьцяць ад кашчунаў і дакораў і брыдкіх словаў”.

У справе посту праўдзівая Царква заўсёды падкрэсьлівала першасную вартасьць духовай складовай – ачышчэньню нутранага маральнага стану чалавека ад грахоў і іхных наступстваў. Устрыманнасьць у ежы зьяўляецца блаславёным сродкам дасягненьня гэтага ачышчэньня, але толькі ў непарыўнай повязі з праўдзівай верай і разуменьнем таго, што сапраўдны пост – гэта перадусім прымірэньне з Богам і бліжнімі праз выпраўленьне сваіх ўчынкаў. Калі ж захаваньне посту ў ежы (незалежна ад суворасьці прыпісаў) становіцца самамэтаю, не абцяжаранаю памкненьнем да гэтага прымірэньня, то гэтая аскеза робіцца пустым самабічаваньнем, пазбаўленным Ласкі Божай, а таму і богупраціўным учынкам. Самавырачэньне і пост могуць быць нават цёмнымі і згубнымі, нягледзячы на сваю надзвычайную строгасьць і, здавалася б, аўтарытэтных папярэднікаў падобнай практыкі. Евангельле прыводзіць прыклад, калі пэўная колькасьць габрэйскіх аўтарытэтаў зараклася ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць Ісуса Хрыста. Таксама нам вядомыя разнастайныя ўсходнія культы, дзе аскеза шырока практыкуецца, але падтрымоўвае ў чалавеку зусім іншага духа, далекага ад Духа Хрыстовага, спасыланага Збавіцелем верным дзецям Царквы. Абвяшчаючы неабходнасьць устрыманнасьці для барацьбы з грахоўнымі пажаданьнямі і іх ўзбуджальнікамі – дэманамі, Царква навучае і пра меру посту, і гэтая мера – глыбока індывідуальная рэч, якая залежыць ад узросту, здароўя, фізычнага стану і іншых якасьцяў чалавека.

Кіраваная Духам Божым Хрыстовая Царква, як клапатлівая Маці, што дбае пра духовае і фізычнае здароўе сваіх дзетак, прадпісвае пост як лекаваньне, якое верны павінен з пакорай і паслушэнствам прыймаць і захоўваць, адпаведна свайму духоўнаму стану і з добрай воляй. Памятуючы, словы свайго Госпада, што нячысты праганяецца толькі постам і малітвай, яна нагадвае пра гэта усім, хто хоча жыць пабожна, каб ніхто не грэбаваў гэтымі збаўчымі справамі, але дабравольна, без якога-колечы зьнешняга прымусу і застрашваньня, захоўваў посныя перыяды строга альбо менш строга, але з адзінаю мэтаю – ачысьціцца ад грахоў і дрэнных схільнасьцяў і атрымаць Ласку Духа Сьвятога. Калі хто зь вернікаў мае добры намер адносна посту захоўваць сярэднявечны манаскі статут, то мусіць рабіць гэта не з мэтаю зьнешняга фармальнага яго захаваньня дзеля задаволеньня свае пыхі, але з мэтаю узбуджэньня жалю за грахі, пакаяньня, здабыцьця любові да Бога і бліжняга.

Калі ж хто на дадзеным этапе свайго жыцьця яшчэ не адчувае сілаў быць пераймальнікам манахаў у справе аскезы, то Царква злагоджвае посны статут і кажа, што для сьвецкіх вернікаў падчас Каляднага посту належыць устрымлівацца ад ужываньня прадуктаў ды страваў з мясам, перадусім у першы і апошні дзень, а таксама ва ўсе панядзелкі, серады і пятніцы гэтага посту. У Сьвяты Вечар перад Калядамі належыць таксама не ўжываць ежы жывельнага паходжаньня і, акрамя таго, есьці толькі раз у дзень.

Акрамя вышэй згаданага, Царква заклікае сваіх вернікаў устрымлівацца ад спраўленьня і ўдзелу ў гучных забавах (танцах і т.п.).

“Поле змаганьня за дабрадзейнасьці адкрытае. Прыходзьце ўсе ахвочыя, падрыхтуйце сябе подзьвігам посту, бо ўсе, што добра змагаюцца, атрымаюць узнагароду”.

Сьвятар Ян Майсейчык

Духоўнае жыцьцё: