You are here

Падрыхтоўка да Дзядоў

Беларусы Бэльгіі наведалі горад Лёвэн, дзе на мясцовых могілках знайшоў свой апошні прытулак сусьветнавядомы беларускі кампазытар Мікола Равенскі.

Каб уратаваць сваё жыцьцё ад расейскай навалы пасьля другой сусьветнай вайны, Мікола Равенскі быў вымушаны іміграваць ў Эўропу.

У Бэльгіі з беларускіх студэнтаў, якія навучаліся ў Лёвэнскім унівэрсытэце, ім быў створаны знакаміты мужчынскі хор, які гастраляваў па многіх краінах сьвету. Менавіта ў выкананьні гэтага хору сьвет пачуў беларускі гімн “Магутны Божа”, словы якога напісала Натальля Арсеньнева.

Мэтай наведваньня магілы было дабраўладкаваньне помніка беларускага кампазытара, які пасьля прыборкі набыў прыстойны і дагледжаны выгляд.

Ушанаваньне Дзядоў мае адбыцца на магіле Міколы Равенскага ў Лёвэне 1 лістапада, у дзень шанаваньня продкаў ва ўсім сьвеце.

Аргкамітэт Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня

Навіны дыяспары: