Віцебск: сябры адведалі магілы былых партыйцаў КХП БНФ

vitebsk_prvГрупа віцебскіх актывістаў наведала могілкі ў вёсцы Друкава, дзе пахаваны была старшыня Віцебскай абласной пады КХП БНФ Уладзімер Плешчанка, а таксама месца пахаваньня ягонага аднапартыйца Рамана Салаўяна на гарадзкіх могілках каля вёскі Копці.

Над магілай Уладзімера Плешчанкі сябры ўзьнялі бел-чырвон-белы сьцяг, усклалі да помніка кветкі ды запалілі сьвечкі.

Каля магілы Ўладзімера ПлешчанкіКаля магілы Ўладзімера Плешчанкі

У невялікай прамове на магіле трагічна загінулага ў 24-гадовым узросьце Рамана Салаўяна старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда згадаў, што гэты хлопец уваходзіў у групу легендарнага Мірона. Некалькі бел-чырвон-белых сьцягоў былі ўзьнятыя над Віцебскам дзякуючы мужнасьці й адвазе гэтага хлопца, і ў Дзень памінаньня памерлых над ягонай магілай таксама лунаў нацыянальны сьцяг.

Каля магілы Рамана СалаўянаКаля магілы Рамана Салаўяна

Меркавалася, што некалькі дзён таму, 28-га кастрычніка, ушанаваць памяць абодвух віцебскіх апазыцыянэраў зможа большая колькасьць ахвотных. Аднак міліцыянты Віцебскага РАУСу затрымалі аўтобус, які вёз 27 пасажыраў на могілкі. Усіх, хто сабраўся на грамадзянскую паніхіду, адвезьлі ў пастарунак, а пяцёх актывістаў на наступны дзень пакаралі штрафамі нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Іх абвінавацілі ў тым, што каля вёскі Паляі яны разгарнулі бел-чырвон-белыя сьцягі, каб прайсьці пад імі да месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў і ўсталяваць там мэмарыяльны крыж. Сёньня група віцебскіх актывістаў наведала і гэтае месца.

Хвіліна маўчаньня на месцы масавых расстрэлаў каля вёскі ПаляіХвіліна маўчаньня на месцы масавых расстрэлаў каля вёскі Паляі

Радыё Свабода