Слава Ісусу Хрысту!
Мілыя Богу Браты і Сёстры, Вернікі нашай Сьвятой Царквы,
12 лістапада нашая Парафія ў Антвэрпане ўшаноўвае памяць свайго нябеснага Заступніка Сьвятога Мучаніка Язафата, архібіскупа Порлацкага.
Сьвяты Мучанік Язафат, які з маленства прысьвяціў сябе Богу, рупліва стараўся пасеяць сярод людзей Хрыстовую Праўду, наставіць у евангельскім жыцьці, дбаў пра выпраўленьне нораваў сярод духавенства і сьвецкіх вернікаў, клапаціўся пра дух еднасьці ў Царкве і нашай старадаўняй дзяржаве. Незразуметы і ўзьненавіджаны амаральнымі расколалюбіцелямі, ён быў па-зьверску закатаваны. Але Бог праславіў яго шматлікімі цудамі, а Царква вынесла нятленнае цела да хвалы алтароў. Зараз целам сваім ён спачывае ў галоўнай сьвятыні Рыма, побач з мошчамі Сьвятога Апостала Пятра, у алтары Сьвяціцеля Васіля Вялікага, а душа ягоная моліцца за нас у нябесных Пакоях.
Урачыстае Набажэнства з нагоды ўшанаваньня памяці Сьв. Язафата адбудзецца 16 лістапада 2008 году а 12 гадзіне дня ў царкве Сьвятога Сэрца Ісуса Хрыста па адрасу:
Lange Beeldekensstraat 22,
2060 Antwerpen
Пасьля Набажэнства адбудзецца сьвяточная рэцэпцыя.
Шчыра ўсіх вернікаў і сяброў нашай Парафіі запрашаем на Сьвята!
Сьвятар Ян Майсейчык, парах