You are here

Штрыхі да партрэта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

21 верасьня гэтага году папа рымскі Бэнэдыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве й прызначыў Арцыбіскупам Мітрапалітам Менска-Магілёўскім. Тадэвуш Кандрусевіч лічыць гэта прызначэньне сымбалічным ды называе яго вяртаньнем у родны край. Нагадаем, Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся непадалёк ад Гародні, ды некаторы час служыў у Летуве ды Беларусі, да свайго прызначэньня папам Янам Паўлам II на служэньне ў Маскву.

Арцыбіскуп Т. Кандрусевіч: Мы салдаты, як у арміі. Толькі гэта армія Хрыстова. І калі прыходзіць новае прызначэньне, мы адразу едзем туды, куды нас накіроўваюць. Тут няма ніякой дыскусіі. Калі я быў высьвечаны на сьвятара, то я абяцаў паслухмянасьць свайму біскупу. Калі папа Ян Павал II высьвяціў мяне на біскупа, я таксама абяцаў яму й яго наступнікам паслухмянасьць. Тут няма ніякай дыскусіі. У 1991 годзьдзе, калі Ян Павал II накіраваў мяне зь Беларусі ў Маскву, таксама многія пыталіся: як гэта, чаму? Трэба працаваць там, куды цябе накіроўваюць. Цяпер я вяртаюся сюды, на сваю Радзіму. Як быццам бы на старое месца, але з другога боку на новае месца, бо многае зьмянілася. Паслухмянасьць - гэта вялікая сіла ў касьцёле й вельмі добра, што яна ёсьць, і мы ўсе мусім быць паслухмянымі для нашага кіраўніцтва, а мой кіраўнік гэта — папа. Сёньня - папа Бэнэдыкт XVI.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч тактоўна ў гутарцы заўважае, што афіцыйна яшчэ ня ўступіў у пасаду, але ў той жа час разважае пра тое, што трэба сёньня абавязкова зрабіць для каталікоў Беларусі.

Арцыбіскуп Т. Кандрусевіч: Прыязджаю, як я ўжо калісьці казаў, на старое, але ў той жа час на новае месца. За 16 гадоў тут нямнога зьнянілася й напэўна трэба спачатку паставіць, можа гэта й нядобрае слова… але трэба паставіць дыягназ. А я яго пакуль што не магу паставіць, таму што пакуль што ня зьяўляюся ардынарыям. Трэба гаварыць аб тым, каб у Беларусі выдавалася больш кніг. Трэба працаваць з мас-мэдыямі. Мы гаворым, што сёньня многа людзей ды вернікаў у касьцёле. Напэўна, гэта так, бо я прыязджаў часта ў Беларусь ды бачыў, што гэта так. Але колькі людзей застаецца. Да колькіх людзей Евангельле не даходзіць, бо трэба яго даносіць да таго месца, дзе гэтыя людзі знаходзяцца. Сёньня й радыё, і тэлебачаньне, і асабліва Інтэрнэт мусяць даносіць гэтую інфармацыю. Мы павінны выкарыстоўваць значна больш гэтыя крыніцы. Таксама мне здаецца, трэба многа ўвагі пасьвяціць духоўнай фармацыі сьвецкіх людзей. Не сьвятар, не біскуп ня дойдзе ўсюды, дзе ёсць другія людзі, а сьвецкія — яны працую ды жывуць ў гэтым асяродку. І калі яны будуць жыць паводле Евангельля, яны стануць жывымі старонкамі гэтага. Сёньня патрэбныя сьведкі Евангельля, сьведкі нашай веры, таму трэба таксама вельмі многа тут працаваць. Напэўна добра было б мець багаслоўскія інстытуты, тэалягічныя. Добра было б, але ня можна так адразу высока ісьці. Я ў Маскве распачаў ад каледжу — сёньня гэта ўжо знаны ня толькі ў Расеі, але і ў сьвеце багаслоўскі інстытут. Працаваць таксама трэба і ў галіне пакліканьняў да сьвятарства, да манаства. Сям’я сёньня — вялікая праблема. Таксама абарона жыцьця.

Пералічваючы сацыяльныя праблемы грамадзтва Тадэвуш Кандрусевіч у першую чаргу ставіць перад касьцёлам задачы па іх вырашэньню. Тут жа ён выказваецца, што гэтыя праблемы варта вырашаць у зьвязку з прадстаўнікамі іншых вераў.

Арцыбіскуп Т. Кандрусевіч: Я заўсёды быў аткрыты на праваслаўную веру ды царкву. І сёньня таксама я хачу падцвердзіць гэтыя мае намераньні працаваць сумесна, калі так многа выклікаў нашага часу, нам трэба разам адказваць на гэтыя выклікі. Мы маем такія ж сакрамэнты, такую ж гісторыю доўгую. Ёсьць розьніцы, але гэта ня такія вялікія розьніцы. Нас больш яднае, чым розьніць, і таму трэба выкарыстоўваць гэты патэнцыял каталіцкага касьцёлу ды праваслаўнай царквы. Я заўсёды адносіўся да праваслаўнай царквы зь вялікай павагаю ды буду так адносіцца. І, дарэчы, першы раз у сваім жыцьці я налажыў крыж, гэта крыж я атрымаў ад Мітрапаліта Кірыла падчас нашай апошняй сустрэчы. Гэта была вельмі добрая сустрэча. Ён мне падарыў прыгожы крыж і я яго таксама буду ўжываць у сваім служэньні. Бо крыж адзін.

А яшчэ Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра казаў пра свае намеры пры гэтым служэньні, трымаючы ў руках крыж. Той, што ў кожнага адзін.

Кананічнае ўступаньне на пасаду Мітрапаліта Т.Кандрусевіча

У Менску адбылося кананічнае ўступаньне на пасаду Арцыбускупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Урачыстасьць прайшла ў Катэдральным касьцёле імя Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
Пачатак быў прызначаны на 11 гадзіну, калі Мітрапаліт павінен быў зьявіцца ў катэдры й уступіць на пасаду. Але людзі пачалі прыходзіць задоўга да прызначанага часу, каб заняць месца. "Я хачу быць бліжэй, каб пачуць і ўбачыць новага Мітрапаліта," - казалі жанчыны, займаючы першыя рады. Месцаў у катэдры было сапраўды няшмат. Іх займалі шматлікія госьці - з Польшчы, Ватыкану, Нямеччыны, Расеі... Сярод гасьцей былі таксама прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу й праваслаўнай царквы. Прадстаўнікі афіцыйнай улады абмежаваліся прадстаўніком Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі.

Пасьля цырыманіялу ўступленьня на пасаду Мітрапаліт Кандрусевіч прамовіў перад вернікамі. Ён падзякаваў за падтрымку й за вернасьць каталіцкаму касьцёлу, а таксама акрэсьліў пляны сваёй дзейнасьці на пасадзе. Найперш - гэта ўмацаваньне ролі касьцёла ў грамадзтве, наладжваньне кантактаў з дзяржавай і вернікамі іншых канфэсій. Як прызналіся людзі, яны чакаюць падтрымкі - маральнай і духоўнай. Людзей, дарэчы, было зашмат, і ўсе яны не зьмясьціліся ў катэдры. Для таго, каб тыя, хто ня зьмесьціцца ў катэдру, маглі ўбачыць, што адбываецца, арганізатары паставілі вялікі экран, дзе вялася трансляцыя. Гэтыя ж падзеі паказвалі па тэлевізіі.

Янка Хамовіч,
Польскае радыё

Духоўнае жыцьцё: