You are here

Змова КДБ або справа КДБ

Маёра КДБ Андрэя Дзямідава вызвалілі пад хатні арышт. Стала вядома, што сьледчыя дабіваліся ад яго паказаньняў на намесьніка Сухарэнкі Васіля Дземянцея, ад якіх ён быццам бы атрымаў загад арганізаваць выбухі ў Віцебску. Гэта або паўтор “справаў” у стылі 1930-х, або водгук задумаў КДБ узяць уладу ў краіне. На днях маёру Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Андрэю Дзямідаву зьмянілі меру ўтрыманьня. Яго перавялі зь СІЗА пад хатні арышт. А. Дзямідава затрымалі 19 ліпеня. Праз тры дні яго абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні незаконных дзеяньняў з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі, выбуховымі рэчывамі, зьдзейсьненых па папярэдняй змове групай асобаў. Больш за тры месяцы Андрэй Дзямідаў знаходзіўся пад сьледзтвам і ўтрымліваўся ў СІЗА ў Менску. Калі два гады таму на віцебскіх вуліцах прагрымелі два выбухі, кіраўнік дзяржавы прынародна абвясьціў: “Датычных да тэракту ахламонаў затрымалі». Сапраўды, двум грамадзянам зь Віцебску, братам Мурашкам, было прад’яўленае абвінавачваньне ў цяжкім злачынстве. Паўгоду іх трымалі з сьведчым ізалятары, дамагаючыся ад іх прызнаньня. Але, як пазьней высьветлілася, арыштаваныя ніякіх адносінаў да таго, што адбылося, ня мелі. Братам нават выплацілі шчодрую — як на постсавецкія звычаі — грашовую кампэнсацыю. Пасьля па абвінавачваньні ў датычнасьці да тэрактаў у турму на пэўны час кінулі знанага лідэра апазыцыі Паўла Красоўскага, але мусілі неўзабавае выпусьціць пасьля пратэстаў грамадзкасьці і праваабаронцаў з усяго сьвету. Наступным падазраваным стаў кадэбіст. Сваякі маёра кінуліся да незалежнай прэсы, як толькі адчулі, што на іхнага сына і мужа хочуць павесіць цяжкія абвінавачваньні. Першыя падрабязнасьці скандальнае вэрсіі сталі вядомыя зь ліста маці маёра Дзямідава. Супрацоўнікі КДБ карыстаюцца паслугамі сваіх агентаў. Вось маёр Дзямідаў меў «вушы» зь ліку цывільных асобаў. Нехта Г. раней асуджаны за цяжкое злачынства па арт. 295 Крымінальнага кодэксу. Ня так даўно ў ягоным гаражы выявілі выбуховыя рэчывы. Г. на пытаньне, дзе ўзяў, заявіў: «Атрымаў ад свайго куратара з КДБ». Маёра Дзямідава ўзялі пад варту ў менскае СІЗА. Правялі ператрусы ва ўсіх ягоных сваякоў, але аніякіх доказаў знойдзена не было. Два месяцы маёр знаходзіцца ў зьняволеньні. Цікава, што гэта здарылася літаральна празь некалькі дзён пасьля выступу кіраўніка дзяржавы аб навядзеньні парадку ў КДБ. Аднак на апошняй прэс-канфэрэнцыі генэральны пракурор Пётра Міклашэвіч заявіў, што датычнасьць маёра Дзямідава да віцебскіх выбухаў «не ўстаноўленая». Сам Дзямідаў да хатняга тэлефона не падыходзіць – ён пад аховай. Аднак інтэрнэт-выданьне «Беларускі партызан» датэлефанавалася да ягонай жонкі — супрацоўніцы аддзелу юстыцыі Віцебскага гарвыканкаму. Вось што яна распавяла: Дзямідава вымушалі даць абвінаваўчыя паказаньні на некаторых кіраўнікоў КДБ, у прыватнасьці — на былога першага намесьніка старшыні КДБ Васіля Дземянцея (да слова, пляменьніка былога старшыні Вярхоўнага Савету). Дземянцея пры канцы ліпеня разам са Сьцяпанам Сухарэнкам А. Лукашэнка адправіў у адстаўку. Дземянцей у свой час узначальваў Віцебскае ўпраўленьне КДБ. — Муж кажа, члены сьледчай групы ня раз прымушалі яго даць абвінаваўчыя паказаньні на Васіля Дземянцея і некаторых віцебскіх начальнікаў КДБ, ад якіх ён быццам бы атрымаў загад арганізаваць выбухі ў Віцебску, — патлумачыла Натальля Дзямідава. — Пры гэтым наўзамен яму абяцалі сьпярша мінімальнае пакараньне, а потым – і наагул вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці. Натальля Дзямідава са спасылкай на словы мужа кажа, у верасьні ў СІЗА у яго пад рознымі зачэпкамі, але без падмацаваньня адпаведнымі дакумэнтамі, спрабавалі ўзяць аналіз крыві. Нашто — невядома. Як высьветлілася, 5 кастрычніка супраць Дзямідава была ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа – за зьдзяйсьненьне заведама незаконнага вобшуку. Дзямідаў сваёй віны не прызнае і сьцьвярджае, што ніякага ператрусу ён не рабіў. Больш за тое, грамадзянка, якую нібыта абшукваў Дзямідаў, у траўні гэтага году памерла… «Нягледзячы на тое, што муж настойваў на ўручэньні яму копіі пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, гэты дакумэнт уручылі толькі праз месяц, — апавядае Н. Дзямідава. — Спатрэбіўся цэлы месяц і не адна скарга, каб муж атрымаў тое, што патрэбна паводле закону. Дарэчы, сьледчы чамусьці вырашыў уручыць яму гэтую паперу ўвечары і без прысутнасьці адваката. Да таго ж уручаная пад расьпіску пастанова розьнілася зьместам ад той, зь якой мужа азнаёмілі ў СІЗА Менску 6 кастрычніка… Па фактах гэтых парушэньняў наш адвакат ужо накіраваў скаргі ў адпаведныя інстанцыі». Андрэй Дзямідаў кажа, што калі ён давядзе ў судзе сваю невінаватасьць, то ён без ваганьняў звольніцца з органаў дзяржбясьпекі. Расказанае Н. Дзямідавай пралівае сьвятло на таямнічы і востры сюжэт. Пракуратура падазрае, што супрацоўнікі КДБ спрабавалі паўплываць на палітычную сытуацыю ў краіне праз арганізацыю выбухаў. Цікава, што менавіта на хвалі дэстабілізацыі сытуацыі ў Расеі ў выніку шэрагу выбухаў прыйшоў да ўлады Пуцін, пасьля чаго прадстаўнікі спэцслужбаў занялі ўсе ключавыя пасады ў краіне. Не да канца высьветлены і абставіны таго, хто і нашто нібыта рыхтаваў выбухі і падпалы ў беларускай сталіцы на 19 сакавіка, чым страшыў Сьцяпан Сухарэнка напярэдадні выбараў. Або ад каго і нашто сыходзіла ідэя запалохваць выбарцаў такімі выбухамі, калі яны не рыхтаваліся. Калі ж уся гэтая справа сфабрыкаваная, гэта азначае, што ўладныя вярхі рыхтавалі, яшчэ рыхтуюць або прынамсі разглядалі магчымасьць шматхадовай камбінацыі зь няяснымі засновамі, але выразнымі мэтамі. КДБ меў стаць ахвярным казлом, каб на яго зваліць віну за правалы ў палітыцы і нават некаторыя злачынствы. Мікола Бугай Наша Нiва
Навіны Беларусі: