You are here

«Белсат» як альтэрнатыва БТ

З 10 снежня на тэрыторыі Беларусі пачне вяшчанне новы спадарожнікавы канал. Пра тое, што хутка беларусы атрымаюць альтэрнатыву ўжо парадкам надакучаўшаму дзяржаўнаму тэлебачанню з яго аднастайнай і прадказальнай інфармацыяй, было вядома яшчэ напачатку года. Польшча афіцыйна заявіла пра намер стварыць незалежную і ўсебаковую крыніцу інфармацыі для Беларусі – ёй павінен быў стаць спадарожнікавы тэлеканал «Белсат». Тады Аляксандр Лукашэнка назваў гэта недружалюбным актам з боку суседзяў, а трохі пазней пачалася завэлюмаваная пад добраўпарадкаванне вайна з «талеркамі»: антэны прызналі шкоднымі для фасадаў і абавязалі ўладальнікаў іх дэмантаваць, піша сайт yuzle.com І вось гэтымі днямі газета «Народная воля» апублікавала інтэрв'ю з адным з кіраўнікоў «Белсата», дырэктарам службы навін Аляксеем Дзікавіцкім. Глядзець новы канал змогуць усё, чыя антэна настроеная на спадарожнікі «Астра» і «Сірыўс». Мова вяшчання – выключна беларуская. Прызнацца, ужо толькі адна гэтая акалічнасць выклікае інтарэс да праекту. Таму што ў Беларусі, нягледзячы на дзяржаўнае двухмоўе, на «роднай мове» не гаворыць ніводны тэлеканал. Асноўная канцэпцыя «Белсата» – данесці да гледача тое, што ніколі не пакажа Першы, ОНТ або СТВ. «У адрозненне ад дзяржаўных каналаў, якія прапагандуюць толькі адну палітычную сілу, мы будзем прымаць розныя меркаванні, – гаворыць з старонак «Народнай волі» Аляксей Дзікавіцкі.– У праграмах і перадачах «Белсата» будуць прадстаўленыя розныя погляды. Дастаткова будзе і добрага еўрапейскага матэрыялу. Аднак у асноўным гэта ўсё ж канал пра Беларусь для беларусаў». Пра сур'ёзнасць намераў МЗС Польшчы – а менавіта ён з'яўляецца ініцыятарам праекту – гаворыць той факт, што з першага дня спадарожнікавы канал будзе вяшчаць 16 гадзін у суткі. 4 разы ў дзень – выпуск навін. Рыхтаваць перадачы і відэасюжэты будуць выключна беларусы. Па словах Аляксея Дзікавіцкага, у «Белсата» ужо ёсць карэспандэнты ў кожным рэгіёне краіны. У сетку вяшчання ўключаныя 17 праграм, вось некаторыя з іх: “Госць тыдня”, “Пад знакам Пагонi”, “Студэнцкая думка”, “На мяжы”. Хартыя-97