You are here

Ці ААН працягне дапамогу чарнобыльцам?

Арганізацыя аб’яднаных нацыяў зварочвае дамапогу для чарнобыльскай зоны. Аб гэтым на днях паведаміла агенцтва „РИА Новости”. Між іншым, зьвярталася ўвагу на тое, што, паводле кіраўніка Праграмы разьвіцьця для краінаў СНД Луізы Вінтан, экспэрты ААН не змаглі пераканацца, што жыцьцё на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях небясьпечнае. Уладзіслаў Хількевіч з прадстаўніцтва ААН у Беларусі паведаміў, што гэта непраўдзівая інфармацыя. Рэзалюцыя ў справе чарнобыльскага праекту ААН не прынята, а спадарыня Луіза Вінтан не давала інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву. У. Хількевіч: Сёньня нам таксама ня ўдасцца даць вам камэнтар, бо атрымалася вельмі цікавая сытуацыя. Спадарыня Вінтан, якую працытавала агенцтва „РИА Новости”, насамрэч не давала ніякага інтэрвію. Пакуль сытуацыя высьвятляецца, мы ня можам нічога сказаць. Рэзалюцыя таксама не была прынята. І загалоўкі накшталт „ААН зварочвае чарнобыльскія праекты” не адпавядаюць рэчаіснасьці. У дадзены момант мы чакаем інфармацыю са штаб-кватэры. Агенцтва „РИА Новости” паведаміла пра зьмену падыходу ААН да гуманітарнай дапамогі для чаробыльскай зоны. Гэтая дапамога будзе мець характар падтрымкі нацыянальных бізнэс-інвэстыцыяў, стварэньня новых эканамічных магчымасьцяў і працоўных месцаў. З такім падыходам згаджаецца кіраўнік Беларускага камітэту „Дзеці Чарнобыля” Тамара Белаокая. Т. Белаокая: Гуманітарная дапамога, прабачце, гэта ня толькі шмоткі. Гуманітарная дапамога - гэта нейкія праекты, накіраваныя на разьвіцьцё рэгіёнаў. Гэта насамрэч гуманітарная дапамога, прычым дастаткова важная й патрэбная. І менавіта такі від дапамогі, я лічу, павінен быць прыярытэтам. Што такое вопратка ці прадукты сёньня? Зьеў, апрануў, знасіў. Гэта нават у нейкай ступені адвучвае людзе клапаціцца самім пра сябе. А калі такія людзі пачынаюць удзельнічаць у праектах, дзе вучаць, як выжыць самастойна й дапамагчы сваім дзецям захаваць здароўе, чалавек пачынае думаць. І тут парадокс. Бо з пункту гледжаньня гуманнасьці, гэта вельмі вялікая праблема. На сёньняшні дзень неабходная дапамога сусьветнай супольнасьці. Гэта павінны быць праекты на тэму бясьпечнага жыцьця ў рэгіёнах, неабходна зрабіць маніторынг стану здароўя ў чарнобыльскай зоне. Нават праз 22 гады пасьля катастрофы. Гэта вельмі неабходна, і менавіта гэта патрэбна людзям. Старшыня незарэгістраванага Аб’яднаньня ўдзельнікаў і ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС Аляксандар Ваўчанін лічыць, што сусьветная супольнасьць сапраўды можа спыніць сваю дапамогу. Гэта будзе зьвязана са стаўленьнем беларускіх уладаў да чарнобыльскай праблемы. „Калі сама ўлада кажа, што дапамагаць ахвярам чарнобыльскай катастрофы ня трэба, то чаго можна чакаць ад міжнародных арганізацыяў?” - кажа Аляксандар Ваўчанін. А. Ваўчанін: Калі дзяржава кажа, што нам не патрэбныя сацыяльныя гарантыі, непатрэбныя дасьледваньні й ільготы для ліквідатараў, то падобна робіць і ААН. Там бачаць, што дзяржава ня хоча клапаціцца пра ўдзельнікаў, дык і ААН зрабіла свой крок. Калі б мы пачалі дыялёг з уладамі, а пазьней сумесна зь імі зьвярнуліся да ААН й іншых арганізацыяў, то яны б да нас прыслухаліся. А калі ў самой Беларусі няма дыялёгу адміністрацыі прэзыдэнта з удзельнікамі й ліквідатарамі, то пра што можна казаць. Такага сытуацыя на руку й ААН, і іншым арганізацыям, якія пастаўляюць гуманітарную дапамогу. А калі б мы былі адзіныя ў чарнобыльскім пытаньні, то такога рашэньня ААН не прыняла б. У вынікі катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі было забруджана 23% тэрыторыяў Беларусі. Алена Пытэль Polskie Radio
Навіны Беларусі: 
У сьвеце: