You are here

Камуністычныя злачынствы не пратэрміноўваюцца

Вайсковы суд у Варшаве патрабуе ад Вялікабрытаніі выдачы Польшчы былога сталінскага пракурора Гэлены Валіньскай. 88-гадовая жанчына, цяпер ужо грамадзянка Злучанага каралеўства, падазраецца ў супрацьзаконным арышце некалькіх дзесяткаў чалавек, пераважна жаўнераў Арміі Краёвай. Сярод арыштаваных былі дзеячы антыкамуністычнай апазыцыі й духоўныя лідэры Польшчы. Менавіта Валіньска нясе адказнасьць за сьмяротны прысуд над легендарным генэралам Арміі Краёвай Аўгустам Фэльдорфам. З заявай аб экстрадыцыі Гэлены Валіньскай у Польшчу зьвярнуўся Інстытут нацыянальнай памяці. Гэлена Валіньска выехала ў Вялікабрытанію ў 1968 годзе, у выніку гэтак званых “антысэміцкіх чыстак” у Польшчы. Сапраўднае яе імя – Файга Міндляк, па паходжаньні яна габрэйка. На радзіме Валіньска падазраецца ў зьдзяйсьненьні камуністычных злачынстваў. Менавіта гэты факт значна ўскладняе працэс экстрадыцыі, паколькі ў брытанскім заканадаўстве няма адпаведных запісаў. Калі б Валіньска падазравалася ў нацысцкіх злачынствах, то судовы працэс над ёй мог бы адбыцца нават у Вялікабрытаніі. Польскія ўлады ўжо шмат гадоў намагаюцца ад брытанцаў рашэньня наконт яе экстрадыцыі. Першыя звароты па гэтай справе былі накіраваныя ў Лёндан яшчэ ў 1998 годзе. Тады брытанскія ўлады адмовілі палякам, аргумэнтуючы сваё рашэньне сталым узростам падазраванай. У 2001 годзе палякі накіравалі чорговы запыт у Вялікабрытанію, адказ ізноў быў адмоўным. Гэтым разам палякі выдалі Эўрапейскі загад аб арышце Валіньскай, што ў параўнаньні з мінулымі выпадкамі, павялічвае шанцы на вяртаньне Валіньскай у Польшчу й на судовы працэс. Пракурор ІНП Польшчы Марэк Клімчак спадзяецца гэтым разам на посьпех, паколькі ігнараваць рашэньне Эўрапейскага загаду аб арышце будзе досыць складана. М. Клімчак: Розьніца ў тым, што папярэднія разы ў экстрадыцыі адмаўляў дзяржаўны ворган, Home Office, аналяг Міністэрства юстыцыі. У гэтым выпадку рашэньне мае прыняць брытанскі суд. Гэта вялікая розьніца, якая, на нашую думку, дазволіць урэшце завершыць гэты працэс. Польскія ўлады ня маюць намеру адмаўляцца ад сваіх пляную асудзіць сталінскага пракурора, паколькі падобныя выпадкі не належаць пратэрміноўцы. “Абвінавачаньні адносна Валіньскай вельмі сур’ёзныя, каб пра справу забывацца”, – гаворыць дасьледчык найноўшай гісторыі Польшчы Антоні Дудэк. А. Дудэк: Гэлена Валіньска адказвае за арышты людзей, якія змагаліся за незалежнасьць Польшчы. У прыватнасьці, менавіта яна адказвае за прысуд над генэралам Фэльдорфам “Нілам”, які быў адной з галоўных асобаў польскага падпольля падчас нямецкай акупацыі. Валіньска адказвае за сьмяротны прысуд над генэралам і мноствам іншых змагароў за незалежнасьць Польшчы. Сама Валіньска адмаўляецца ад абвінавачаньняў. Акрамя сталага ўзросту, перашкодай у справядлівым працэсе яна называе дзяржаўны антысэмітызм у Польшчы. А. Дудэк: Яна фактычна абражае польскую дзяржаву. Натуральна, што яна абараняецца, але я не пагаджаюся з яе аргумэнтамі. Яна прыпісвае палякам антысэмітызм, каб пазьбегнуць дэпартацыі, таксама як і спасылаецца на свой узрост. Але адказваць перад судом павінны ўсе, хто мае магчымасьць фізычна ўдзельнічаць у працэсе. На маю думку, такіх людзей нельга саджаць у турму, але адказнасьць павінна быць. Няхай у форме самога прысуду без зьняволеньня, але справядлівасьць павінна перамагчы. У 50-я гады Валіньска даслужылася да ранга палкоўніка, аднак пазьней адмысловая камісія разжалавала яе да ступені маёра за парушэньне “сацыялістычнага правасудзьдзя”. Яна была абвінавачаная ў арыштах бяз доказаў віны й за злачынныя сьледчыя мэтады. Напрыканцы 1956 году Валіньска была адхіленая ад пракуратуры й пазбаўленая чальцоўства ў Польскай аб’яднанай рабочай партыі за “перавышэньне службовых паўнамоцтваў”. Ад моманту эміграцыі Польшча выплачвала Гэлене Валіньскай штомесяц па 500 даляраў пэнсіі. У 2006 годзе Вайсковае пэнсійнае бюро высьветліла, што да пэнсійнага ўзросту Валіньская не дапрацавала 55 дзён і анулявала права на атрыманьне пэнсіі ад польскай рэспублікі. Летась прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі пазбавіў Гэлену Валіньскую Кавалерскага крыжа Ордэну адраджэньня Польшчы, які быў ёй прызнаны ў 1945 годзе. Дзьмітры Гурневіч Polskie Radio
У сьвеце: