You are here

Герой вiцебскага «майдана»

26 лiпеня яму б споўнiлася 59 гадоў. Лёс прадвызначыў iншае. Сэрца Уладзiмiра Плешчанкi спынiлася больш за год таму. Каля бацькоўскай хаты ў вёсцы Вароны Вiцебскага раёна, дзе ён жыў апошнiя гады. пра Уладзімера Плешчанку ўзгадвае на старонках «Народнай Волі» Барыс Хамайда. Я пазнаёмiўся з Уладзiмiрам у пачатку 90-х гадоў, калi быў адным з сузаснавальнiкаў гарадскога клуба выбаршчыкаў «За дэмакратычныя выбары». У той перыяд ён з`яўляўся сябрам Беларускага народнага фронту i адначасова ўваходзiў у склад клуба выбаршчыкаў. Актыўна ўдзельнiчаў у дзейнасцi клуба, рэгулярна вылучаў цiкавыя прапановы па розных пытаннях. Я звярнуў увагу на жаданне Уладзiмiра дакапацца да сутнасцi праблемы, якая абмяркоўваецца, выказаць свой пункт гледжання. Нiводнае пасяджэнне клуба не праходзiла без яго выступаў. Блiжэй мы пазнаёмiлiся ўлетку 1992 года, калi ўзнiкла неабходнасць развянчаць адну грамадскую iнiцыятыву. У той перыяд, дзеля таго, каб адцягнуць рабочых ад надзённых праблем, камунiсты горада стваралi грамадскую арганiзацыю «Працоўны Вiцебск». Нiбыта дзеля абароны правоў i iнтарэсаў працоўнага чалавека. Кiраўнiцтва абласнога савета прафсаюзаў у асобе яго кiраўнiка негатыўна адазвалася пра гэтую iнiцыятыву падчас iнтэрв`ю для адной гарадской газеты. У працэсе абмеркавання гэтага пытання на пасяджэннi клуба было прынята рашэнне зафiксаваць сваю пазiцыю i сабраць пад тэкстам подпiсы старшыняў прафсаюзных камiтэтаў буйных прадпрыемстваў Вiцебска. Пасля пасяджэння клуба да мяне падышоў Уладзiмiр i прапанаваў сваю дапамогу. Я стаў тлумачыць сутнасць нашай акцыi. Ён спынiў мяне фразай: «Я ўсё зразумеў». Каб аператыўна аб`ехаць каля 20 прадпрыемстваў, Уладзiмiр прапанаваў скарыстаць ягоны стары «Жыгулёнак». За два днi на ягонай машыне (фактычна за ягоны кошт — грантаў тады не ведалi) мы аб`ехалi прадпрыемствы i сабралi подпiсы. Там, дзе прафсаюзныя лiдэры пачыналi вагацца, мы дэманстравалi апублiкаваны пункт гледжання кiраўнiка аблпрафсавета. Нам важна было атрымаць подпiсы прафкамаў некалькiх вядучых прадпрыемстваў. Далей усё пайшло як па масле: думка вышэйстаячых i калег з буйных заводаў проста-такi магiчна дзейнiчалi на астатнiх падпiсантаў. Заяву з сабранымi подпiсамi мы апублiкавалi ў гарадской газеце, што стала сур`ёзным ударам па арганiзатарах «Працоўнага Вiцебска». Стварэнне чарговай камунiстычнай арганiзацыi ў рабочым асяроддзi з трэскам правалiлася. Пасля паспяхова праведзенай акцыi нашы сумесныя дзеяннi сталi сiнхроннымi на доўгiя гады. Мы з Уладзiмiрам разумелi адзiн аднаго з паўслова. Я часам здзiўляўся ягонай iмгненнай рэакцыi. У 1995 годзе мы балатавалiся ў Вярхоўны Савет краiны. У адзiн з веснавых дзён сядзелi ў рэдакцыi газеты «Выбар» i абмяркоўвалi планы выбарчай кампанii. У кабiнеце было 5 цi 6 чалавек. Раптам заходзiць хлопец гадоў 18—20. Заяўляе сябе прадстаўнiком РНЕ (“Русское национальное единство”) i пачынае пагражаць. Паводзiць сябе нахабна, быццам жадаючы паказаць сябе тут гаспадаром. Плешчанка без адзiнага слова ахоплiвае рукамi ззаду ягоную галаву i падае побач з iм у крэсла, што стаiць побач. Маючы буйныя знешнiя габарыты, РНЕшнiк спрабуе вырвацца, але нiчога не атрымлiваецца. Не расцiскаючы рук, Плешчанка крычыць: «Хлопцы, здымай з яго штаны». Мы напачатку не разумеем, для чаго гэта рабiць, але каманду выконваем. Пакуль сцягваем штаны, РНЕшнiк раве дурным голасам. Вiдаць, падумаў, што яго чакае кастрацыя. Толькi пасля таго як штаны апынулiся ў нашых руках, Плешчанка дадаў: «Папругай вяжыце рукi, а штанамi — ногi. У трусах не ўцячэ.» РНЕшнiк трохi супакоiўся — зразумеў, што кастрацыi не будзе. Я выклiкаў мiлiцыю, якая прыехала досыць хутка. Напiсаў заяву пра напад на кандыдатаў у дэпутаты. Звязаным «байца» i занеслi ў машыну. У пастарунку мiлiцыянты, паглядаючы на гэтую з`яву, здзiўлена казалi: «Спрытна вы яго аформiлi!» У судзе Чыгуначнага раёна г.Вiцебска тэрарыст-няўдалiца атрымаў 10 сутак арышту за дробнае хулiганства. Тады яшчэ дзейнiчала нашая шматпакутная легiтымная Канстытуцыя 1994 года... Доўгiя гады Уладзiмiр Плешчанка ўваходзiў у групу легендарнага Мiрона. У некаторых акцыях Мiрона ягоны ўдзел быў вырашальным. Прыгадаю адзiн выпадак. Напрыканцы снежня 2000 года Мiрон прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг да 50-метровай трубы Вiцебскай ТЭЦ. Уладзiмiр знаходзiўся ў засадзе. Ён падчас акцыi страхаваў выканаўцу. Калi Мiрон пачаў спускацца, са старожкi выйшаў ахоўнiк i выпадкова ўзняў вочы ўгору. Пабачыў чалавека, што спускаецца па цаглянай трубе, i падбег блiжэй, чакаючы, пакуль «падарунак з неба» апусцiцца проста ў рукi. Мiрон таксама заўважыў ахоўнiка, але працягваў спакойна спускацца — твар ягоны прыкрывала чорная хустка. Ледзьве ногi Мiрона кранулiся зямлi, Плешчанка выскачыў са свайго схову i заламаў яму руку за спiну. А знячэўленаму ахоўнiку мiмаходзь сунуў пад нос складзеную ўдвая кардонку чырвонага колеру. Маўляў, з органаў, назваў першае прыйшоўшае ў галаву прозвiшча i званне i дадаў: «Мы за iм даўно сочым». Так, удвух, яны i прывялi затрыманага ў старожку. Калi ахоўнiк пачаў выклiкаць па тэлефоне мiлiцыю, Уладзiмiр вачыма паказаў Мiрону на дзверы, i той iмгненна выскачыў на вулiцу. «Стой!» — закрычаў Плешчанка, рвануўшыся да дзвярэй. Ахоўнiк — за iм. Уладзiмiр спынiўся ў дзвярным праёме, загарадзiўшы праход сваiм целам, i ахоўнiк не змог выскачыць на вулiцу, каб бегчы за Мiронам. Толькi пасля гэтага ён зразумеў, што апынуўся ў дурнях. Тут ужо ён ухапiўся за Плешчанку i трымаў, пакуль не прыехала мiлiцыя. Праз некалькi гадзiн Уладзiмiра Рыгоравiча выпусцiлi з пастарунка без сур`ёзных наступстваў. Такiх прыкладаў можна было б прывесцi шмат, але, на жаль, час для гэтага яшчэ не прыспеў. Здольны вынаходнiк i рацыяналiзатар, Уладзiмiр Плешчанка не меў нiводнага афiцыйнага пасведчання на свае вынаходнiцтвы i рацыяналiзатарскiя прапановы. Як ён мне тлумачыў, толькi таму, што не жадаў запiсваць у сааўтары сваiх начальнiкаў. Амаль уся ягоная працоўная дзейнасць прайшла на вiцебскiм прадпрыемстве «Маналiт». Двойчы яго падводзiлi пад скарачэнне штатаў. Прычына была зразумелая — ягоная палiтычная дзейнасць. Абодва разы суд узнаўляў яго на працы на пасадзе iнжынера-канструктара з выплатай заробку за вымушаны прагул. i толькi на трэцi раз, калi яго зноў скарацiлi, не стаў прасiць заканадаўчай абароны, бо цудоўна ўсвядомiў, што палiтычная сiтуацыя змянiлася i апеляваць да суда сэнсу не мае. На працягу апошнiх васьмi гадоў ён нiдзе не працаваў. Як выжываўi Корпаўся на прысядзiбным участку. Вырошчваў капусту, бульбу, яблыкi i цягнуў усё на рынак. Яго часта можна было ўбачыць з цяжкай сумкай за плячыма. Як сябра Сойму Кансерватыўна-Хрысцiянскай партыi БНФ, кожны месяц вымушаны быў наведвацца ў Мiнск. Каб хоць крыху сэканомiць грошай, ездзiў з некалькiмi перасадкамi ў дызелях — так танней. i гэта з ягоным хворым сэрцам! Зараз, назiраючы барацьбу за фiнансавыя патокi, узгадваю свайго сябра ў стане беспрацоўнага. Ён не мiтусiўся, не стагнаў, не прасiў нi ў кога дапамогi. Круцiўся як мог. Не бiў сябе кулаком у грудзi: вось я восем месяцаў у Вiцебскiм СIЗА прасядзеў, дайце належнае. А меў жа права на фiнансавую дапамогу! Як жа многiм сённяшнiм апазiцыянерам не хапае ягонай сцiпласцi! Уладзiмiр нiколi не вёў улiк колькасцi затрыманняў, арыштаў i штрафаў. Не бегаў па судах збiраць паперкi. На пытаннi цiкаўных адказваў: «Не маю часу гэтым займацца». Мэта ў яго была iншая — незалежная i вольная Беларусь. Увесну 1992 года падчас збору подпiсаў за роспуск Вярхоўнага Савета 12-га склiкання Уладзiмiр упершыню вызначыў сабе месца ля «сiняга дома» на адной з цэнтральных вулiц горада. Потым ён мне скажа: «Вельмi ажыўленае месца, шмат народу ходзiць, трэба часцей яго выкарыстоўваць». Выхады да «сiняга дома» сталi рэгулярнымi. З улёткамi, газетамi, плакатамi. Падчас выбарчых кампанiй — збор подпiсаў. Ягоная постаць бачная была здалёк. У марозную зiму i спякотнае лета, у дажджлiвую восень i запозненую вясну. Яму давялося ўхiляцца ад пляўкоў i чуць у свой бок абразы, адбiвацца ад людзей з ашклянелымi вачыма. i так дзень пры днi, гадамi. Калi адсутнiчаў — значыць, хварэў цi быў за кратамi. Аднойчы, пасля мiнскага «майдана», да «сiняга дома» падышоў Кастусь Севярынец — бацька Паўла Севярынца, i заўважыў: «У апазiцыйных СМi галоўная тэма — майдан, героi, плошча Калiноўскага. Там тыдзень змагання, а вы тут гадамi стаiце, нi ад кога не хаваючыся. i нiхто пра гэта не шумiць». Сапраўды, падумалася мне. Мы гадамi хадзiлi да «сiняга дома», улады прэсавалi нас тут з незайздроснай рэгулярнасцю... Мабыць, значна пазней гэтае месца абрасце легендамi. I героем вiцебскага «майдана» па праву можна назваць Уладзiмiра Плешчанку. Ён запомнiўся мне паслядоўным змагаром, якi нiколi не адмаўляўся ад сваiх прынцыпаў. З пачаткам утварэння Беларускага народнага фронту, з`яўляючыся ягоным адданым сябрам, ён паверыў у бясспрэчнага лiдэра масавага руху Зянона Пазьняка. Менавiта за яго, як за кандыдата ў прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь, Уладзiмiр збiраў подпiсы ад рання да позняга вечара. Ён нiколi сябе не шкадаваў. На ягонай уласнай машыне мы маталiся, агiтуючы за Зянона Пазьняка, па розных раёнах Вiцебшчыны. Пасля такiх перагрузак Плешчанка атрымаў чарговы iнфаркт. Сёння, падыходзячы да «сiняга дома», я здалёк бачу, што ягонае месца не занятае. З жалем зноў i зноў даводзiцца ўсведамляць, што ён ужо нiколi сюды не прыйдзе. i ад гэтага штораз узмацняецца адчуванне майго палiтычнага адзiноцтва. Я ўпэўнены, што прыйдзе час i ягоным iмем назавуць вулiцу ў Вiцебску, будзе створаны музей у школе, у якой ён вучыўся. На адной з вулiц усталююць помнiк. А зараз трэба прайсцi той кавалак шляху, якi не паспеў пераадолець мой сябра i паплечнiк Уладзiмiр Рыгоравiч Плешчанка. Хартыя-97
Навіны Беларусі: