You are here

Зянон Пазьняк: “Новая вайна”

( Выступ на сьнежаньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Год-два таму пуцінская Масква зразумела, што купіць Беларусь за “так” у свайго сатрапа ім ня ўдасца. Сатрап прадаваўся толькі за ўладу над Крамлём.

Тады ўзгарэлася газа-нафтавая вайна, дакладней агрэсія, якая перарастае цяпер ў вайну фінансавую і эканамічную. Масква груба паламала дамоўленасьці і абавязацельствы Будапэшцкага Мэмарандума 1994 года (чатырох краінаў – ЗША, Англіі, Расеі і Беларусі) і пачала эканамічную вайну, якая пры ўсёй, здавалася б, неверагоднасьці гэтай высновы мае магчымасьць перарасьці ў сілавую агрэсію маскоўскага гэбізму

(на што яны здольныя, мы ведаем).

Каб убачыць сутнасьць новай захопніцкай палітыкі (якая, дарэчы, адкрыта прамаўляецца і робіцца) карысна часам зьвярнуць увагу на выказваньні непрыкметных людзей, якія ў сістэме гэбізму выконваюць функцыю “агучвальнікаў” думак палітычнага начальства (калі начальству выказвацца нязручна ці непажадана). Адным з такіх “гучальнікаў” зьяўляецца спалены расейскі шпіён А. Суздальцаў (Лукашэнка вытурыў яго зь Беларусі за шпіёнства ў карысьць Расеі). Пасьля правалу гэтага рэзідэнта Лубянка яго легалізавала і дае “выказвацца” нават у Стразбургу і Брусэлі.

Вось які тэкст яму было даручана агучыць летам гэтага года ў Стразбургу:

“Следующий этап российско-белорусского кризиса будет носить финансовый характер… Негативные процессы в финансовой сфере Белоруссии в итоге могут привести к варианту дефолта… Мы видим, что финансовая стабильность является главной проблемой белорусских властей… Решения российских властей в отношении РБ, принятые в декабре-январе 2006-2007 гг., являются окончательными и ревизии не подлежат… Идёт процесс постепенного лишения Белоруссии статуса транзитного государства. В отношении газа – идёт активное строительство «Северного потока». В отношении нефти – строится БТС-2 (калектар да Фінскай затокі – З.П.). В отношении автомобильного транзита – ставятся вопросы о расширении автомобильного транзита через территорию Финляндии, Латвии”. ( http://www.politoboz.com/node/179 )

Вось сутнасьць агрэсіі, якую не агучваюць рускія “генэралы палітыкі”, гаворачы нібыта пра рынак і “датацыі” (якіх на справе не існавала).

Гэтая інфармацыя “гучальніка” была зроблена для Рады Эўропы, каб тыя, гаворачы пра “дэмакратызацыю” Лукашэнкі, разумелі і падтрымлівалі Маскву.

Прывяду яшчэ адну цытату з выступу гэтага “рэтранслятара”. Расейцы ў размовах між сабой кажуць і лічаць (небезпадстаўна), што Беларусь чакае энэргетычны голад і што “кардынальна зьмяніць ягоны балянс” “можа толькі ўласная АЭС”. (За што Лукашэнка і ўхапіўся).

А цяпер, вось як інфармуе чыноўны Стразбург шпіён Суздальцаў: “Строительство в 500 км от Москвы АЭС руками китайцев, иранцев и даже украинцев является неприемлемым для Москвы. В итоге, ситуация с белорусской АЭС способна резко изменить формат отношений между РФ и РБ”. Як кажуць, прасьцей не скажаш.

Такі ёсьць зьмест новай вайны і палітычна-эканамічнай агрэсіі Расеі супраць Беларусі. У рэчышчы і пад сьцягам гэтай вайны (але з лагоднай мінай) зьбіраецца ў хуткім часе (сярэдзіна сьнежня) прыехаць у Менск Пуцін на два дні. Сутнасьць гэтай паездкі – выкананьне заданьня “калектыўнага дыктатара” – расчыстка шляхоў для расейскага гэбоўскага капіталу на Беларусь і падрыхтоўка (у выпадку посьпеху) умоваў для
прыняцьця так званага “канстытуцыйнага акту”.

Улічым, што ва ўмовах абсалютнай улады КГБ у Расеі ніякія законы і фармальнасьці брацца ў разьлік ня будуць. У Пуціна і ягонай групоўкі застаўся на гэта (на трэці тэрмін Пуціна і “канстытуцыйны акт”) яшчэ адзін шанец – прэзыдэнцкія выбары ў 2008 годзе ў Расеі.

Супрацьстаяць расейскай палітычнай інвазіі і спыніць яе можа толькі Беларускі народ (не Лукашэнка). Таму, зразумела, што Масква праз свае магчымасьці пастараецца ліквідаваць на Беларусі патэнцыяльную небясьпеку для сваёй агрэсіі – ізаляваць небясьпечныя для яе асобы, партыі, арганізацыі, структуры, установы нацыянальнага кшталту. Гэта робіцца ўвесь час, а цяпер (што для павярхоўных назіральнікаў здаецца дзіўным) у шматкроць павялічылася. Якраз з пачаткам “новай” расейскай агрэсіі супраць Беларусі ў канцы 2006 г. узмацніўся масавы перасьлед беларускай моладзі, беларускіх інстытуцыяў, арганізацыяў і г.д.

Падрыхтоўка да забароны адзінай беларускай адраджэнскай Партыі Народнага Фронту (КХП-БНФ), вынік спакойнай і пасьлядоўнай працы якой стаў рэальна адчувацца ў цяперашнім беларускім грамадзтве, — гэта якраз праява “новай агрэсіі” і ліхаманкавага сьпяшаньня пуціністаў Расеі перад апошнімі для іх выбарамі.

Тут варта нагадаць істотнае палажэньне беларускага змаганьня, якое мы вызначылі і абмеркавалі два гады таму. У змаганьні з расейскай імпэрскай палітыкай і агрэсіяй у цяперашніх абставінах беларусы, і найперш беларускія адраджэнцы, павінны ствараць сваю беларускую сілу, на ёй грунтавацца і на яе абапірацца. Ні ў якім разе і ні пад якім прафанскім (ці заведамым) тлумачэньнем нельга аб’ядноўвацца з антыбеларускім рэжымам у ягоным канфлікце з пуцінскай уладай. Нельга траціць нацыянальную сілу, пасаваць, разбройвацца, стацца гноем, таптаньнем у подлай шкурнай чужой барацьбе. Нельга мяняць Сьцяг, прынцыпы і ідэалы з-за страху ці дзеля прымітыўнага выжывецкага прагматызму. Бо гэта – канец, здрада, ганьба і небыцьцё, страта будучыні Беларусі. Трэба змагацца за Беларусь, самым за сябе, супраць абодвух. Бо яны — адно.

Паўтараю гэта зноў, гэтую азбуку палітыкі і змаганьня, бо філісьцерскі піск у такіх мамэнтах, імкненьне кінуцца ад страху ў абдымкі любога тырана, гвалтаўніка й прыгнятальніка, шукаць у яго абароны, — такія паводзіны былі заўсёды ў спалоханых бясьсільных людзей. На іхных сагнутых карках ехалі Гітлер і Сталін, “дучэ” і нават Лукашэнка.

Але ня можа цэлы народ стацца бесхрыбетным. Новае змаганьне вылучыць новых людзей. Ніякія забароны беларускіх партыяў, ніякія пасадкі ў турму “беларускай моладзі” ні для гэбоўскай Расеі, ні для антыбеларускага рэжыму ня пойдуць на карысьць. Як у песьні пяецца: “мы знаем, што трэба рабіць”. І беларусы гэта зробяць.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

Беларуская Салідарнасьць

Навіны Беларусі: