You are here

Генеральная асамблея ААН асудзіла парушэнне правоў чалавека ў Беларусі

У Генеральнай асамблеі ААН прайшло галасаванне па рэзалюцыі, якая асуджае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. 72 краіны падтрымалі рэзалюцыю, 33 – галасавалі супраць і 78 – устрымаліся. У выніку, большасцю галасоў дакумент быў прыняты. Супраць дакумента галасавалі Расея, Куба, Паўночная Карэя, Іран, Сірыя, Судан, Зімбабве і іншыя. У адказ прадстаўнік ЗША ў ААН назваў Беларусь "апошняй дыктатурай у Еўропе", паведаміў "Тэлеграф". Такім чынам паездка намесніцы кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч на сесію Генасамблеі ААН не атрымала ніякага выніку. А якім можа быць вынік, калі галоўны ініцыятар дыялогу ўлады і апазіцыі ў краіне Віктар Івашкевіч сядзіць у турме? Няўжо так цяжка зразумець, што трэба проста захоўваць правы чалавека, а не пускаць пыл у вочы міжнароднай супольнасці? Раней прэс-цэнтр Хартыі’97 паведамляў, што Трэці камітэт ААН прыняў праект рэзалюцыі, прапанаваны ЗША, у якім асуджаецца парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. У дакуменце гаворыцца, што ў Беларусі працягваюцца сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, а таксама прыгнёту і пераследу СМІ, апазіцыі і праваабаронцаў. Рэзалюцыя абвяшчае, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 19 сакавіка 2006 года, былі "праведзеныя з сур'ёзнымі парушэннямі, абумоўленымі адвольным ужываннем улады дзяржавай, і ў значнай ступені не адпавядалі абавязальніцтвам Беларусі ў рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ў дачыненні правядзення свабодных і справядлівых выбараў". У ААН выказалі "глыбокую занепакоенасць з нагоды выкарыстання сістэмы крымінальнага правасуддзя для таго, каб прымусіць замоўкнуць палітычную апазіцыю і праваабаронцаў, у тым ліку ў форме адвольнага затрымання, незахавання належных працэсуальных нормаў і закрытых палітычных судовых працэсаў над вядучымі прадстаўнікамі апазіцыі і праваабаронцамі". Хартыя-97
Навіны Беларусі: 
У сьвеце: