You are here

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Раства Хрыстовага 2007

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Раства Хрыстовага 2007 году і на Новы 2008 Год Гасподні

Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

Прыйсьце Тваё, Хрысьце Божа,
было для нас ясным сьвітанкам.
Ты прасьвятліў усё стварэньне,
і таму ўсё жывое славіць Цябе.

Вячэрня Нараджэньня Хрыстовага

1. Разам з усім хрысьціянскім сьветам у гэты сьвяточны час прыносім наш шчыры паклон веры Нованароджнаму Госпаду, Богу і Збаўцы нашаму Ісусу Хрысту.

У нашых сэрцах ўважліва разважаем словы старажытнай Анафоры сьв. Базыля Вялікага, якой Царква моліцца ў гэтыя сьвяточныя дні, ды з пакорлівай сьмеласьцю і глыбокім захапленьнем Божай Міласэрнасьцю зьвяртаемся да Бога, нашага Айца:

«Сапраўды Ты сьвяты і ўсесьвяты, і няма меры велічы славы Тваёй.
Калі ж споўніўся час, Ты прамовіў да нас праз самога Сына Твайго,
якім Ты вякі стварыў.

Ён, узяўшы цела ад сьвятое Дзевы, спустошыў Сябе,
прыняўшы выгляд слугі, стаўшыся падобным да цела нашай пакорлівасьці,

каб учыніць нас падобнымі да вобразу сваёй славы»

(З Анафоры Боскай Літургіі сьв. Базыля Вялікага).

Таямніца Нараджэньня Ісуса Хрыста – гэта значыць таямніца Ўцелаўленьня Спрадвечнага Сына Божага і сёньня прасьвятляе Віфлеемскім сьвятлом нашую штодзённую рэчаіснасьць. Неабходна, каб усе мы шырока адкрылі дзьверы нашых дамоў ды месцаў працы і вучобы на яснасьць і цеплыню гэтага Віфлеемскага сьвятла.

І калі ў час Калядных Сьвятаў і Новага Году Гасподняга віншуем адзін аднаго ды молімся за сваіх блізкіх, памятайма ў нашай малітве і пра нашую Бацькаўшчыну Беларусь. Памятайма, што моцную, квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданьне для вернікаў усіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. Трэба толькі, каб мы разам з радасьцю прынялі Віфлеемскае сьвятло і адважна і мужна ішлі разам па шляху веры, надзеі і любові.

У сулучнай малітве няхай дапамогуць нам натхнёныя словы народнага паэта, верніка нашае Царквы, Рыгора Барадуліна:.

Божа, пашлі Беларусі
Ласку з Тваімі вачамі,
Сэрцы суцеш у скрусе,
Зьлітуйся над крывічамі [...}.

Хай беларус беларуса
Будзе любіць як брата.
Сьветлым Імем Ісуса
Наша крывіцка хата.

“Маленьне за Беларусь” (1992).

2. Дарагія Браты і Сёстры!

У сьвяточны час Раства Хрыстовага хочам глыбока асэнсаваць Евангельскую Праўду, што Нованароджаны Збавіцель сьвету прыносіць усім людзям добрай волі дар сапраўднага міру. Таму грэка-католікі Беларусі шчыра моляцца, каб Новы 2008 Год Гасподні быў блаславёнай нагодай разам з братамі лацінскага абраду ды з праваслаўнымі і пратэстантамі сулучна сьведчыць, што Госпад Ісус Хрыстос нясе ўсім жыхарам Беларусі сьвятло няспыннай надзеі.

У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве Год Гасподні 2008 будзе Годам Надзеі. Крыніцай надзеі застаецца для ўсіх хрысьціянаў Слова Божае. 2008 год няхай стане для ўсіх нас чарговым крокам падрыхтоўкі да Юбілею 500-годдзя выданьня Бібліі Францішка Скарыны, які будзем сьвяткаваць у 2017 годзе.

Гэтак сама Слову Божаму будзе прысьвечаны сусьветны Сінод Біскупаў у Рыме ўвосень 2008 году. У гэтым кантэксьце хачу раз яшчэ паўтарыць: «Штодзённае чытаньне Слова Божага на роднай мове няхай будзе першым крокам на шляху нашага хрысьціянскага сьведчаньня». Няхай Дух Сьвяты дазволіць нам зразумець, што сапраўды “Слова Божае - гэта крыніца надзеі”.

Хай Слова Божае стане заахвочваньнем для ўсіх Беларусаў, як на Бацькаўшчыне, так і па-за яе межамі, быць сьведкамі надзеі.

Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым Сябрам жадаем вялікага супакою сэрца, радасьці і надзеі.

Усіх вас віншуем з Божым Нараджэньнем і Новым 2008 Годам Гасподнім
і вітаем сьвяточным вітаньнем:

Хрыстос нарадзіўся – Яго славім!

Менск, Раство Хрыстова 2007 году.

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі
Духоўнае жыцьцё: