You are here

Зянон Пазьняк: “Агульныя каштоўнасьці, яднаньне сваіх”

Як бачым, у справе нашай беларускай драмы нічога новага Новы Год не прынёс. Тое, што пачалося ў канцы 2006-га, працягваецца. Працягваецца стара-новая эканамічная вайна супраць Беларусі, якая апынулася ў закладніках цёмнай істоты. Пра сутнасьць гэтай стара-новай вайны мы ўжо казалі ня раз. На газавую пятлю накідваецца фінансавая ўдаўка (рэжым ператвараюць у даўжніка Расеі) і пракладваецца дарога рускаму мафіёзнаму капіталу на Беларусь. У канцы гэтай камбінацыі плянуецца анэксія пад выглядам папяровай “саюзнай дзяржавы”. Гэта добра відаць усім, хто хоць трохі ведае крамлёўцаў і цікавіцца палітыкай. Сам па сабе маскоўскі плян выглядае цалкам авантурным і правальным у дачыненьні да любой незалежнай дэмакратычнай краіны. У дачыненьні да цяперашняй Беларусі, аднак, ацэньваць яго трэба сур’ёзна. Бо прыняцьце любых рашэньняў тут цалкам залежыць ад адной кіруючай (прытым беларусафобнай) асобы. Ад самага пачатку было зразумела, чаму яшчэ ў 90-х Масква гэтак падтрымлівала ўсталяваньне прэзыдэнцкай сістэмы ў Беларусі і пазьней – спрыяла ўмацаваньню аўтарытарызму. Гэта стакроць павялічвае тут магчымасьці палітычнага ўплыву Масквы. На Беларусі цяпер стварылі такое становішча, калі можна чакаць любой авантуры незалежна ад заканадаўства і здаровага сэнсу. Цэлы народ апынуўся ў закладніках адной асобы, на паводзіны якой ён ня мае аніякага ўзьдзеяньня. Бачаньне будучыні ў такіх абставінах страціла ўсе элемэнты прагнозу і выступае ў якасьці катэгарычнага імпэратыву: альбо грамадзтва будзе змагацца за свабоду і народную незалежнасьць з прамаскоўскай дыктатурай, альбо рана ці позна настане дзяржаўная і народная сьмерць. Барацьба ня ёсьць тут выбарам, але неабходнасьцю. Формы змаганьня могуць быць рознымі, але ўсе яны мусяць грунтавацца на агульных нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасьцях, нацыянальнай ідэі і нацыянальных інтарэсах, гэта значыць на тым, што аб’ектыўна яднае ўсіх беларусаў і што найперш трапляе пад пагрозу зьнішчэньня. Беларускае змаганьне, нягледзячы на існаваньне “катэгарычнага імпэратыву”, было гістарычна заўсёды барацьбой нацыянальнага авангарду і пасіўнай падтрымкі. Задача авангарду заўсёды была адна – пераламаць сітуацыю, пусьціць працэс разьвіцьця ў народнае рэчышча. Гэта амаль што ўдалося толькі адзін раз у гісторыі – Беларускаму Народнаму Фронту ў жніўні 1991 года. Я кажу “амаль”, таму што побач з вяртаньнем незалежнасьці, нацыянальнай ідэі, сымвалаў, беларускай школы, побач з нацыянальным будаўніцтвам незалежнай дзяржавы, не было дасягнута вельмі істотнае – улада ў дзяржаве, за якую змагаліся і незалежнасьці якой дамагліся. Сілы авангарду аказалася недастаткова перад старой імпэрскай машынай, якая акрыяла ў пасіўным асяроддзі і скарыстала ўладу ў сваіх інтарэсах. Але адбыўся не адкат да стагога, сталася горшае – захоп улады знутры праз крэатуры і агентуру чужой дзяржавы, тое што называецца “унутранай акупацыяй”, разбуральныя вынікі якой мы перажываем па сёньняшні дзень. Адметнасьць беларускага змаганьня як барацьбы нацыянальнага авангарду даволі цьмяна яшчэ разумеюць беларусы (трэба прызнаць), але добра ўсьведамляюць нішчыцелі Беларусі. Памятаю, як у 90-х гадах Лукашэнка паўтарыў уведзенае яму ў вушы, што ўсіх беларускіх дзеячоў ёсьць ня больш 400 чалавек і нэўтралізаваць гэтых нацыяналістых яму нескладана. Нядаўна расейскі генэрал Жадобін, які выконвае ў Беларусі пасаду старшыні КГБ, аб’явіў, што ўсіх беларускіх “дэструктыўных элемэнтаў” ёсьць 1767, і ўсіх “яны” (маскоўцы-гэбісты) ведаюць паіменна. Армейскі генэрал, як бачым, просты, як палка, рэжа матку-праўду як думае. Калі аднойчы Юры Адамавіч Беленькі зьвярнуўся да генэрала зь нейкім пытаньнем, той яму “возразіл”: “А что это вы по-белорусскі разговаріваете? Вы что – фашіст?” Такая акупацыйная публічка плавае на беларускай паверхні. Неабходная задача, якая стаіць у гэтых умовах перад беларусамі і, найперш, перад беларускімі адраджэнцамі – злучэньне ўсіх супраціўленчых зьяваў і асобаў на змаганьне супраць прамаскоўскай дыктатуры на грунце агульнанацыянальных каштоўнасьцяў. Гэта ў прынцыпе можна зрабіць, нават не варушачы палітструктуры, якія склаліся. Гэта якраз такая задача, калі вузкая мэта прадугледжвае шырокі спэктр падтрымкі. Папярэднія абмеркаваньні тэмы выклікаюць абнадзейваючыя высновы. Зразумела, што нельга ставіць нерэальных патрабаваньняў. Стварэньне беларускай сілы ня ёсьць сынонімам дамінацыі, масавасьці ці перавагі. Мусіць стацца сіла, здольная на разьвіцьцё і рэальнае змаганьне пры падтрымцы значнай часткі людзей. Не забывайма (пакуль што) на адметнасьць і наканаваньне беларускага змагарнага авангарду. Само абмеркаваньне гэтае задачы вядома ж нічога ня вырашыць, але высьветліць акалічнасьці. Бо тое, што перад абліччам зьнешняй расейскай і ўнутранай пагрозы існаваньню беларускай дзяржаўнасьці, пытаньне агульнанацыянальнага супраціўленьня і барацьбы супраць паўзучай агрэсіі пачынае ўсё больш непакоіць пачуцьці і розумы беларусаў, — гэта ўжо не выклікае сумненьня. І вельмі істотна, каб трывога за лёс дзяржавы, дэмакратыі і нацыі вылілася б у рэальную беларускую форму супраціву, а не атрымала б чарговую падстаўку кшталтам “аб’яднанай апазыцыі”, “пяцёркі плюс” і іншай падробкі. Цяпер нам, сябрам Сойму, неабходна, таксама, падрыхтаваць абгрунтаваньне няўдзелу беларусаў у чарговых “выбарах” рэжыму. Падстаўныя зноў пачнуць агітацыю за выбары і заклікаць “сказаць своё нет”. Нашае абгрунтаваньне мусіць быць аргумэнтаваным і разгорнутым, нягледзячы на поўную зразумеласьць дзеяньняў для ўсіх нас. Зычу сябрам Сойму плённай і канструктыўнай працы, здароўя і моцы ў змаганьні. Жыве Беларусь! Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 13 студзеня 2008 г. ( Выступ на студзеньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ) Беларуская Салідарнасьць
Навіны Беларусі: