You are here

Зянон Пазьняк: “Лукашэнка даўно не валодае стратэгічнай палітыкай унутры краіны”

Сытуацыю вакол апошняга “газавага канфлікту” паміж Беларусьсю і Расеяй камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Пазьняк: “Цяперашняя "газавая атака" зьвязаная з праблемай захаваньня ўлады КГБ у Расеі, і найперш асабіста Пуціна, у сувязі з заканчэньнем яго кадэнцыі і новымі выбарамі. У канцы мінулага году Расея зьмяніла тактыку. Цяпер яна практыкуе атаку замест "пакрокавай палітыкі", ці "пакрокавай інтэграцыі", як увесь час казалі. Сутнасьць гэтай новай тактыкі -- атрымаць хуткую перамогу, ці хаця б посьпехі на "беларускім фронце". Гэта значыць -- запалохаць Лукашэнку, загнаць яго ў кут і прымусіць расплочвацца нацыянальнай маёмасьцю. А ў рэшце рэшт падпісаць нейкую фармальную паперу аб "інтэграцыі", ці хаця б дэклярацыю альбо акт аб намерах, які даў бы падставу для маніпуляцыі з трэцім тэрмінам Пуціна. З гэтай тыпова кагэбісцкай стратэгіяй зьвязана і зьмена кіраўніцтва КГБ у Менску, задача якога -- хутка задушыць парасткі нацыянальна-вызвольнага супраціву ў Беларусі. Лукашэнка ўжо даўно не валодае стратэгічнай палітыкай унутры краіны. Хоць зьнешне здаецца, што гэта ён кіруе і аддае загады на вынішчэньне беларускай нацыі. Так, аддае загады -- бо яны адпавядаюць ягонай беларусафобнай сутнасьці. Але партытура гэтай акупацыйнай палітыкі напісана ня ім, а публікай з Масквы, якая абсадзіла яго ўладу. Перакуліць расейскую атаку і выйсьці з сытуацыі магчыма, і нават - нескладана. Трэба праводзіць нацыянальную палітыку, унутраную і зьнешнюю, зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў. Але для Лукашэнкі гэта чыста тэарэтычнае пытаньне. Бо перакрочыць праз сябе, праз нянавісьць да беларушчыны ён у прынцыпе няздольны ніколі -- ні ў стане спакою, ні ў стане страху, ні ў шоку. Ён будзе змагацца за сваю скуру як пацук і цягнуць за сабой на дно ўсю Беларусь. А ў гэтым якраз і палягае мэта новай расейскай тактыкі. Так што антыкрамлёўскі піск Лукашэнкі нічога для беларусаў ня значыць. У той час, калі кідаюць у турмы беларускую моладзь, зьнішчаюць беларускую культуру, гісторыю, архітэктуру, школу, мову і гэтай далей. У гэтым спэктаклі і ў гэтай вайне ёсьць толькі адзін бок, які церпіць і нясе страты. Гэта -- беларускі народ”. Сяргей Навумчык Радыё Свабода
Навіны Беларусі: