You are here

Прафэсар Мікола Равенскі.

Трэба прызнацца, што мы, беларусы, яўна разгубіліся б, каб нехта запытаўся ў нас: “А што ў вас з клясічнай музыкай? Назавіце славутых выканаўцаў, кампазытараў...” Але калі мы штосьці слаба ведаем, дык ці маем права сьцвярджаць, што яго няма? Лепш даведацца глыбей. І гэтым сэнсе вельмі цікавы артыкул мы знайшлі ў адным з апошніх нумароў нью-ёрскай газеты “Беларус”, дзе расказваецца пра тое, як салістка хору Беларускага радыё і тэлебачаньня Вольга Аляксеенка знайшла ў Бэльгіі месца пахаваньня свайго бацькі, выдатнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага. Гэты артыкул з “Беларуса” і прапануем вашай увазе. *** Вялікая была дла мяне неспадзеўка і зьдзіўленьне, калі ўвечары 16 кастрычніка 1989 году Зоя Смаршчок па тэлефоне паведаміла, што дачка славутага кампазытара Міколы Равенскага знаходзіцца ў Бэльгіі, у горадзе Лювэне, дзе Равенскі жыў ад 1950 году і дзе ў сакавіку 1953 году памёр і там пахаваны.Трэба было абавязкова спаткацца з наведвальніцай. Прафэсара Равенскага я ведаў у 1945-1948 гадах у Нямеччыне, дзе, калі быў вучнем Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, я браў удзел у зьмешаным хоры, які ён арганізаваў і якім кіраваў, а пасьля ад 1950 году і да яго сьмерці ў Лювэне, дзе таксама сьпяваў у ягоным, на гэты раз мужчынскім, хоры, але пра яго асабістае жыцьцё на Бацькаўшчыне абсалютна нічога ня ведаў. Быў ён чалавекам высокай інтылігентнасьці, з вялікім музычным талентам, працавіты і шчыры беларус, вельмі сьціплы, закрыты ў сабе, і аб сваім асабістым жыцьці на Бацькаўшчыне мала расказваў. Спаткацца зь яго дачкой, зразумела, трэба было абавязкова, бо мы, беларуская эміграцыя, глыбока ўдзячныя кампазытару Равенскаму, і гэтую ўдзячнасьць хацелася б выказаць найдаражэйшай для яго асобе. На вялікі жаль, яе(ці дакладней, іх,бо яна прыехала з мужам) час быў аббежаваны, а ў мяне таксама - прафэсійныя заняткі, дык давялося спаткацца два разы вечарам. Вось перад намі надзвычайна сымпатычная жанчына, вельмі падлбная на быцьку як фізычна, тык і характарам. Імя яе Вольга, а прозьвішча па мужу Аляксеенка. Напэўна, ад бацькі ў яе і музычныя здольнасьці, яна – сьпявачка хору Беларускага радыё і тэлебачаньня ў Менску, сапрана, салістка драматычных і нацыянальных песень. Часта выязджае на гастролі, асабліва ў прыбалтыку і Польшчу, дзе яе хор, найлепшы ў рэспубліцы, выступае зь вялікаю ўдачай. Вельмі ім хацелася б паехаць за межы сацыялістычных краінаў, але не хапае валюты. Надзеі аднак ня страчвалі. Так хацелася пагутарыць больш, даведацца аб жыцьці і дзейнасьці Прафэсара Равенскага на Бацькаўшчыне. Але, як высьвятлілася, бацьку дачка ледзь памятае, бо была зусім маленькай, калі ён быў вымушаны пакінуць Беларусь ў 1944 годзе. Маленькай яна ня ведала, хто яе бацька, якая яго доля і дзе ён, бо маці баялася расказваць пра яго. А калі вырасла і скончыля сярэднюю школу, дык мела цяжкасьці пры залічэньні ў інстытут. Прычыны цяжкасьцяў ёй былі невядомыя. А калі дапытвалася аб прычынах, дык дакладнага адказу ёй не давалі. Адно казалі, што ёсьць нейкія цяжкасьці, зьвязяныя з заграніцай. Калі ж пасьля даведалася ад маці праўду, што бацька выехаў у час вайны, дык вырашыла любой цаной адшукаць яго, жывога ці мертвага. Трэба адзначыць, што Вольга Аляксеенка, выбіраючыся ў Бэльгію, абсалютна ня спадзявалася сустрэцца з беларусамі. Калі б яна ведала пра магчымасьць сустрэчы, дык распытала б больш дэталёва ў маці, якая хоць і старэнькая, але добра памятае мужа і магла б сёе-тое расказаць.Паабяцала, вярнуўшыся ў Менск, зрабіць гэта. Вестку аб тым, што бацька памёр і пахаваны ў Лювэне ў Бэльгіі, атрымала ад далёкай сваячкі па бацькавай лініі, якая жыве ў Вялікабрытаніі. Дастаць пашпарт і візу на замежнае падарожжа было няпроста. Патрабавалася якре-небудзь знаёмства ў Бэльгіі, але там яна нікога ня ведала. Тады яна зьвярнуляся ў Чырвоны Крыж, дзякуючы якому яны дасталі ўсё патрэбнае для выезду.Цяжкасьці, аднак, на гэтым не закончыліся. Калі яны прыехалі ў Лювэн, першая думка была знайсьці чырвоны Крыж, які дапамог бы адшукаць магілу. Але як гэта зрабіць, ня ведаючы мовы? На шчасьце, з дапамогай дабрадушных лювэнскіх жыхароў удалося знайсьці аднаго сьвятара, які, трымаючы кантакт з беларусамі ў Бэльгіі, ня толькі ведаў, дзе знаходзіцца магіла прафэсара Равенскага, але нават займаўся доглядам яе. Такім вось чынам, праз такі доўгі час дачка прыехала, каб пакланіцца магіле амаль невядомага, але ня меньш дарагога свайго бацькі. Расказваючы пра гэта, яна намагалася, каб не расплакацца. Над магілай ня стрымалася... І нам гэта вельмі і вельмі зразумела, бо і з нас тут ні адзін, на чужыне, аплакаў сваіх родных, ня маючы нават магчымасьці пакланіцца магіле. Пры нагодзе наведваньня бацькавай магілы дачцы прафэсара Равенскага ўдалася сустрэцца з былымі студэнтамі Лювэнскага ўнівэрсытэту, сярод якіх былі і два былыя сябры студэнцкага хору незабыўнага Міколы Равенскага. Я.Ж. газета "Чырвоная змена, 24 сакавіка 1990 г." "Лёсы музыкаў"