You are here

Зварот Старшынi Рады БНР Івонкi Сурвіллы

Зварот Старшынi Рады БНР Івонкi Сурвіллы Дарагія Суродзічы! У 2008 годзе беларусы ўва ўсім сьвеце адзначаюць 90-тыя ўгодкі БНР. Дзевяноста гадоў таму, у надзвычай цяжкіх умовах, наш народ знайшоў у сябе адвагу і сілу абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром ў сваей хаце. Устаўныя Граматы БНР, і менавіта Акт 25-га Сакавіка, ёсьць найбольш каштоўнымі дакумэнтамі ў гісторыі беларускага народу. Бязь іх Беларусаў магчыма ўжо не было-б на гэтым сьвеце. Угодкі іх мы з удзячнасьцю мусім адзначыць. Песымісты між намі магчыма скажуць, што няма чым цешыцца, бо-ж мы ўсё яшчэ не дасягнулі нашай мэты стацца вольнай эўрапейскай краінай, такой, якімі ёсьць сёньня нашыя заходнія суседзі. Тых, хто так думаюць, прашу прыпомніць пра перажытае ў 20-м веку, пра нашую вытрываласьць, пра нашую непахісную веру ў лепшую будучыню нашага народу. Змагаліся мы на працягу 90 гадоў супраць шалёнай русыфікацыі, баранілі нашыя найбольшыя каштоўнасьці, нашую мову і культуру, усюды дзе маглі прыпаміналі сьвету, што Беларусь жыве і што народ беларускі мае права, так як і ўсе народы сьвету, на волю і незалежнасьць. Ёсьць чым ганарыцца, ёсьць што сьвяткаваць. Дарагія Суродзічы, абавязкам кожнага з нас ёсьць зьдзейсьніць гэты апошні высілак, які зробіць нас вольнымі людзьмі. У краінах сьвету, дзе Вы пражываеце, дайце да ведама Вашым уладам пра нязносныя адносіны лукашэнкаўскай намэнклятуры да нашай моладзі, найлепшых дачок і сыноў Беларусі, да нашай мовы і да нашай спадчыны. Адначасна, зьвярніцеся да Вашых урадаў, каб далі да ведама лукашэнкаўскаму рэжыму, што сьвет не будзе вечна талераваць зьдзеку на нашых вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі, якія 25 Сакавіка будуць жадаць урачыста адзначыць 90-ую гадавіну БНР, наш Дзень волі і незалежнасьці. Разам мы асягнем нашую мэту – волю і дэмакратыю для нашага народу. Жыве Беларусь! Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР 20 лютага 2008 году Polskie Radio
Навіны Беларусі: