You are here

Зянон ПАЗЬНЯК: УЛАДА ЦЕМРЫ

У гэтым лісьце я пазначу некалькі тэмаў, істотных для нашай пазыцыі і палітычнае барацьбы. Мы бачым, што антыбеларуская палітыка і перасьлед усяго беларускага ўзмацняюцца. Краінай ужо амаль 14 гадоў кіруе чужая агрэсіўная цемра. Мы бачым таксама паэтапны плян вынішчэньня асноваў культурнага існаваньня Беларускай нацыі. Гэты плян выконваецца мэтанакіравана і пасьлядоўна. Парадак, сэнс і зьмест яго выкананьня вышэйшы за інтэлектуальныя магчымасьці чалавека, у руках якога апынулася ўся ўлада ў Беларусі. Тым часам якраз ён зьяўляецца пасьлядоўным і адэкватным яго выканаўцам. Антыбеларуская фобія знайшла адпаведную парадыгму палітыкі, распрацаваную ў лубянскай Маскве. Для фобіі няма нічога сьвятога і ніякіх табу, усё дазволена. Характэрная мадэль паводзінаў у стане фобіі – зьдзек і кашчунства, абплёўваньне вялікага, блюзьнерства над сьвятым. Фобія, як правіла, спадарожнічае паранойі і псіхапатыі. Усімі гэтымі рысамі ад самага пачатку характарызуецца палітыка антыбеларускага рэжыму на Беларусі (парваньне Беларускага Сьцяга, спаленьне беларускіх падручнікаў, зьдзек і зьнявага Беларускай мовы, ліквідацыя беларускіх школаў, гімназіяў і ліцэяў, абплёўваньне імя Васіля Быкава, блюзьнерства над Францыскам Скарынай і вялікімі людзьмі Беларускай нацыі, разбурэньне і пераробка знакавых помнікаў гісторыі і культуры, мэтанакіраванае псаваньне нацыянальнага краявіду і вынішчэньне запаведнай прыроды, грэблівыя адносіны да беларускіх людзей, беларускай творчасьці і літаратуры, нянавісьць да маладых і да вольнага чалавека. Гэта цягнецца ўжо з году ў год, ганебна і прыніжальна для асобы, для культурнай нацыі. Усё гэта — характэрныя праявы рэжыму ўнутранай акупацыі. Беларусы сталіся закладнікамі чужой палітыкі. Псіхалёгія закладнікаў дакладна праглядаецца ў нашым нацыянальным становішчы. Асноўная маса людзей, паралізаваная страхам, маўчыць. Частка супрацоўнічае з “тэрарыстамі” і хваліць бандзюг. Асобныя людзі паўстаюць супраць гвалтаўнікоў і гінуць; нязгодныя церпяць рэпрэсіі і перасьлед, які набывае пачварныя формы. Культывуецца злачынная сталінская ідэалёгія, аднаўляюцца разбуральныя мэтады сталінізма. Як і пры сталінізме, за часы савецкай акупацыі ў 30-х гадах, антыбеларускі рэжым, які ня ведае і не карыстаецца беларускай мовай, прыдумаў рэпрэсіўны правапіс беларускай мовы як мэтад яе масавага вынішчэньня. За напісаньне, нязгоднае з гэтым прыдуманым правапісам, і за артаграфічныя памылкі (прытым ва ўсіх сфэрах жыцьця) кожнага беларускага грамадзяніна і людзей без грамадзянства будуць караць штрафам, выганяць з працы і вучобы, ужываць іншыя мэтады пакараньня (як плянуюць некаторыя ненавісьнікі Беларусі, аж да пасадкі ў турму). Мэта гэтага шызафрэнічнага закону – легальным чынам забараніць беларускую мову. Страх перад штрафам, перад стратай працы, вучобы, перад іншым пакараньнем павінна, па паранойнай лёгіцы беларусафобнага “заканадаўства”, адбіць жаданьне ў людзей пісаць па-беларуску, здаваць экзамены і нават пісаць лісты (ня кажам ужо пра газэты і кнігі) на беларускай мове. Усё ськіравана на тое, каб беларусы сталі пісаць толькі па-расейску. Чужая руская мова, якую антыбеларускі рэжым зрабіў сваёй “дзяржаўнай”, гэтаму закону не падлягае. Пішы, маўляў, хоць “харашо”, хоць “жэстачайшэ плоха” – “сайдзёт”. “Закон” цынічна дыскрымінацыйны да беларусаў. Тут груба парушана ўсё, што магчыма было парушыць: Канстытуцыя, міжнародныя законы і права, правы асобы, лёгіка, маральнасьць і здаровы сэнс. Характэрна, што ніхто ня ведае, што гэта за “правапіс”, не было ніякага грамадзкага азнаямленьня (тым больш, абмеркаваньня). Невядома нават, хто ягоныя псэўданавуковыя рэцэнзенты. Здаецца, ніхто зь іх яшчэ не аб’явіўся (не падпісаў сабе нацыянальны вырак), а “закон” падрыхтавалі ўжо да прыняцьця ў апошнім чытаньні. Тут нават не настолькі ўражвае і абурае дзікунства такога “закону”, колькі той грубы, прымітыўны і выраблены цынізм, зь якім адбываецца вынішчэньне беларускай мовы. Ліквідацыя беларускай мовы ёсьць (і быў заўсёды) галоўны пункт маскоўскай акупацыйнай палітыкі на Беларусі. Цынізм, фобія, жорсткасьць, блюзьнерства, зьдзек і хлусьня – тыповыя дачыненьні ў адносінах акупацыйных уладаў зь беларускім насельніцтвам. Абдзіраюць нават бедных і няшчасных, карыстаюцца з гора й бяды. Увялі ў практыку, напрыклад, браць грошы з пагарэльцаў як аплату за тушэньне пажару. З пункту гледжаньня права, тут грубае парушэньне, бо пажарная служба – гэта дзяржаўная справа. Яна ўтрымліваецца і дзейнічае за кошт падаткаў, якія плаціць у бюджэт кожны беларус (і кожны патэнцыйны пагарэлец). Браньне грошай зь няшчаснага пагарэльца (ды яшчэ праз пракуратуру і суды) – гэта ёсьць антыпраўнае вымагальніцтва рэжыму з выкарыстаньнем службовага становішча. З пункту гледжаньня нашай беларускай, традыцыйнай, праверанай стагоддзямі маралі аб талацэ, спачуваньні і абавязковай дапамозе пагарэльцам, такія паводзіны рэжымных функцыянераў мафіёзнай улады ёсьць хамскі, злосны зьдзек з няшчасных, кашчунства над традыцыяй, абылганьне здаровага сэнсу. Такія ж ілжывыя, цынічныя, хамскія і вымагальніцкія адносіны да беларускай змагарнай моладзі, да беларускіх дробных гандляроў і індывідуальных прадпрыймальнікаў, да вернікаў нерэжымнай (г. зн. неправаслаўнай) рэлігіі, да чарнобыльцаў, ліквідатараў, беларускіх музыкаў, мастакоў і г.д. У такіх умовах і пры чужой антынароднай уладзе вельмі істотна, каб у грамадзтве захаваліся ідэалы, традыцыі ў душы; добрае, чыстае, сьветлае, беларускае і сваё — ў сэрцы і дачыненьнях паміж сабой. Гэта ня дазволіць зьмірыцца з цемрай, прывядзе да змаганьня, да вольнага зьместу жыцьця. Цемрашальства антыбеларускага рэжыму асабліва выразна відаць у выбарах. Практычна, усе выбары за гэтым рэжымам былі недэмакратычнымі і былі сфальсіфікаваныя. У фальсіфікацыі незаконных выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе публічна прызнаўся сам фальсіфікатар А. Лукашэнка. Зразумела, што ён не хацеў гэта сказаць. Але яго падвялі дрэннае веданьне законаў, прымітывізм лёгікі і жаданьне быць арыгінальным. У выніку ён “прызнаўся” перад журналістамі, што “ва ўгоду Захаду” зьменшыў лічбу працэнтаў выбаршчыкаў, якія нібыта “прагаласавалі” за яго (бо, маўляў, надта шмат было). Небарака, відаць, думаў, што калі ён скажа пра зьмяншэньне адсоткаў не ў сваю карысьць, то гэта ня будзе выглядаць фальсіфікацыяй і ня выявіць ягонага незаконнага ўмяшальніцтва ў падлік галасоў і ўплыву на канцовы вынік галасаваньня. Фальсіфікацыйная машына падліку бюлетэняў тут адладжаная і простая, як кій. Пры адсутнасьці рэальнага кантролю над галасаваньнем і пры рэжымнай аднароднасьці выбарчых камісіяў галасы лічаць, як хочуць, але канцовы вынік падліку пішацца якраз у вертыкалі выканаўчай рэжымнай улады. (Якраз у гэтым па прастаце разумовай і прызнаўся А. Лукашэнка перад журналістамі ў лістападзе 2006 года.) Заканадаўства аб выбарах, якое існуе, — далёкае ад дэмакратычных нормаў (і, зрэшты, ад Канстытуцыі). Яно дае магчымасьць правядзеньня галасаваньня цягам некалькіх дзён (так званае “папярэдняе галасаваньне”), што стварае ўмовы для маніпуляцыяў выбарчымі бюлетэнямі і для адміністрацыйнага ціску на выбаршчыкаў (іх, фактычна, прымушаюць браць удзел у галасаваньні, часам нават прывозяць на ўчасткі). Практыкуюцца таксама падказкі, ціск, хаджэньне прадстаўнікоў выбарчай камісіі са скрынкамі для галасаваньня па дамах выбаршчыкаў і іншыя яшчэ сталінскія прыёмчыкі. Маючы ўвесь гэты квазізаконны сурагат выбарчай сістэмы, трэба ўлічыць яшчэ вельмі істотнае: парляманту як законнай, легітымнай і незалежнай галіны заканадаўчай улады ў Беларусі не існуе. Гэта прыдатак аўтарытарнай улады без самастойных правоў і магчымасьцяў. “Палатку” (так у народзе называюць гэты ворган) кіраўнік рэжыму можа нібыта законна (па рэжымным законе) ліквідаваць зь любой нагоды і набраць іншы камплект — была б прычына і патрэба. Для правядзеньня фальсіфікацыйных выбараў у гэтай сітуацыі і для стварэньня бачнасьці справядлівага галасаваньня і дэмакратычнага выбарчага працэсу рэжым мусіць забясьпечыць найперш два аспэкты дзеяньня: удзел розных палітычных арганізацыяў (пажадана “апазыцыйных”) у бяссэнсавых для іх выбарах і другое – вялікі (пажадана масавы) удзел выбаршчыкаў у галасаваньні. Тады фальсіфікацыя выглядае “элегантнай перамогай” з большай паловай усіх выбаршчыкаў “за” (а не якіх-небудзь 30 адсоткаў пры малой “фрэквэнцыі”). Хаця і тут “машына” навучана “накідаць”. Для такога роду выбарчых камэдыяў рэжым стварае свае “апазыцыйныя” арганізацыі, знаходзіць падстаўных асобаў, якія заклікаюць усіх пайсьці на выбары ды сказаць рэжыму сваё цьвёрдае “нет!” і г.д. У Беларусі гэтакая гэбоўская схема адпрацавана даўно, нудна і жмудна, аж да стэрэатыпаў, з разьмеркаваньнем роляў, салістаў і вызначэньнем паводзінаў. У апошні час, з умацаваньнем гэбізму і карпаратыўнай дыктатуры ў Расеі, лукашысцкі “вопыт” выбараў пачала пераймаць лубянская Масква. Сістэма гэбоўскага выбарчага ашуканства ў Беларусі ўжо закасьцянела і сфармавалася настолькі маналітна, што разбурыць яе можна, відаць, толькі разам з антыбеларускім рэжымам. У гэтых умовах удзельнічаць у так званых парляманцкіх выбарах на Беларусі, што прызначаны ўжо на верасень, ня толькі бяссэнсава, але найперш шкодна. Гэта, фактычна, падыгрываць рэжыму ў ашуканстве людзей. Беларускі Народны Фронт і яго народная Партыя (КХП-БНФ) не павінны ўдзельнічаць у такіх “выбарах”. Зразумела, таксама, што наяўнасьць падстаўной “апазыцыі” забясьпечыць фармальны ўдзел фармальна “апазыцыйных” партыяў у рэжымных выбарах. Яны будуць ствараць фармальную бачнасьць дэмакратычнага працэсу, як Гайдукевіч – фармальную альтэрнатыву Лукашэнку. Такая іхная роля, і ніякія доказы, угаворы, лісты, ськіраваныя да гэтае публікі, ня маюць сэнсу. (Мы ўсё гэта перажылі.) Тым часам вялікай “масавасьці” галасаваньня цяперашняя падстаўная “апазыцыя” ня зробіць (хоць і паспрыяе). “Масавасьць” звычайна стварае найперш сам рэжым. І тут трэба супрацьдзейнічаць выбарчаму ашуканству, заклікаць беларусаў ня йсьці на галасаваньне, байкатаваць фальсіфікацыю і недэмакратычныя выбары, тлумачыць людзям, чаму гэта неабходна рабіць, чаму трэба пакінуць рэжым гуляць самым з сабой і не падтрымліваць парушэньне закону і нішчэньне правоў народу Беларусі, памятаючы, што маральная перамога ёсьць вялікая перамога і шлях пераменаў. 9 сакавіка 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сайт Партыі БНФ
Навіны Беларусі: