You are here

Пяць гадоў Беларускай Царкве ў Бельгіі

Адзіная ў шэнгенскай Эўропе Беларуская Царква адзначыла сваю пятую гадавіну. У 2002 годзе ў адказ на рэальную патрэбу і просьбу вернікаў была заснаваная Супольнасьць у гонар Сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага, якая і стала падмуркам будучай парафіі. 1 чэрвеня 2003 году пры ўдзеле вялікай колькасьці беларусаў замежжа была адпраўлена першая Боская Літургія. Пад скляпеньнем прыгожага храму Сьвятога Сэрца Ісуса Хрыста, які стаўся сапраўдным прытулкам для тых, хто верыць у Бога і шануе сваю Беларушчыну і Айчыну, загучала хвала Богу ў роднай беларускай мове.

Пяцігоддзе парафіі, 1 чэрвеня 2008 году, прыйшлося як раз на Фэст Сьвятога Сэрца Хрыста, таму урачыстасьць згуртавала вакол сябе ня толькі беларусаў, але і фламандцаў і вернікаў англа-афрыканскай супольнасьці. З нагоды агульнага сьвята была адпраўлена супольная Сьвятая Імша ў лацінскім абрадзе, але пад цудоўныя літургічныя сьпевы бізантыйскага абраду, якія выканаў грэка-каталіцкі хор “Анёльскі Сабор”. У часе Імшы веруючы люд усклаў да алтару Міласэрнага Збавіцеля багатую колькасьць кветак – знак любові і ўдзячнасьці за ўсе дабрадзействы. Вернікі іншых супольнасьцяў выказалі свае віншаваньні і пажадалі Беларускай Царкве росквіту і далейшага сьведчаньня аб Адзінстве Царквы Хрыстовай ў размаітасьці літургічных і нацыянальных традыцый. Пасьля Набажэнства адбыўся супольны пачастунак, які прыгатавалі беларускія ахвярныя вернікі.

Духоўнае жыцьцё: