You are here

Беларуская бібліятэка ў Антвэрпане.

Бібліятэка пры беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў горадзе Антвэрпане існуе ўжо на працягу некалькіх год. Галоўную частку кнігаў складаюць творы беларускіх пісьменьнікаў, ахвяраваныя прадстаўнікамі пасьляваеннай беларускай эміграцыі.

“Бібліятэка ўвесь час папаўняецца. І што вельмі цікава, часта нам дораць так бы мовіць “рарытэтныя выданьні ”, даваенныя выданьні беларускіх пісьменьнікаў, альбо выданьні ў эміграцыі,”- распавядае адказны за бібліятэку сябра Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня Павал Хівук.-“Вось, зусім нядаўна спадаром Арэшкам, былым сябрам рады БНР, быў зроблены падарунак, каля 100 кнігаў. Асабіста я вельмі абрадаваўся, адшукаўшы там вершы Максіма Багдановіча і Адама Міцкевіча, а таксама факсымільнае выданьне “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча, надрукаванай лацінкаю! Кнігі ў бібліятэку перадаюць ня толькі беларусы Бэльгіі, ня так даўно поўную валізку прывезьлі зь Лёндану.”

Сучасная літаратура, хоць і не рэгулярна, але ўсё ж таксама патрапляе на паліцы бібліятэкі. Да канца бягучага году сябры БЭЗу маюць стварыць электронны каталёг кнігаў, даступных чытачам. Каталёг мае быць разьмешчаны на сайце арганізацыі.

Нажаль, абяцаньні сёньняшніх палітычных дзеячаў аб папаўненьні бібліятэкі кнігамі сучасных беларускіх пісьменьнікаў, засталіся ў паветры.

БЭЗ-Інфа

Навіны дыяспары: 
Духоўнае жыцьцё: