You are here

ЛУКАШЭНКА ПАВІНЕН ЗЫЙСЬЦІ!

/Ліст сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ/ Гэты мой кароткі ліст будзе ацэначным, бо спадзяюся, што апошнія падзеі на Беларусі і ў сьвеце Вам добра вядомыя і пазнавальныя, не вымагаюць доўгага аналізу, бо зьяўляюцца працягам таго, што існавала і было вядома раней. Наша пазыцыя тут вызначана. Падкрэсьлю, аднак, істотныя нашыя ацэнкі па трох тэмах, якія клапоцяць грамадзтва, — гэта фінансава-эканамічны крызіс, дэвальвацыя і нішчэньне прадпрыймальніцтва. * * * Крызіс на Беларусі ёсьць, ён разьвіваецца і дзень у дзень пагаршае становішча краіны і людзей. Гэта адчувае кожны беларус. Хто вінаваты ў крызісе? Хто яго выклікаў на Беларусі? Фінансава-эканамічны крызіс на Беларусі выклікаў рэжым улады (які тут кіруе) і ягоная палітыка, якую ён праводзіць у нашай краіне. Асабістую адказнасьць за яго вынікі нясе нелегітымны кіраўнік усёй улады на Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Такая ёсьць праўда. І ніякія спасылкі на сусьветны фінансавы крызіс, на Расею, на нафту ды газ не дапамогуць і не апраўдаюць яго. Зьявіліся цяжкасьці і ў іншых краінах, але на простых людзях (ня ўлучаных у бізнэс) крызіс мала адчуваецца (ЗША), а ў Польшчы і Летуве практычна не адчуваецца. Гэта таму, што эканомікі дэмакратычных краінаў здольныя вытрымліваць хваробу крызісаў, а ўрады гэтых краінаў праводзяць нацыянальную і адэкватную палітыку. Крызіс узьнік на Захадзе, але непасрэдна прыйшоў да нас з Расеі. На Беларусі ён падрыхтаваны рэжымам Лукашэнкі і вынікае зь яго антынацыянальнай і эканамічна неадэкватнай палітыкі. Сутнасьць яе – поўны кантроль групы ўлады над эканомікай, эканамічнай дзейнасьцю і ўласнасьцю. Беларус на Беларусі ня стаў па-сапраўднаму ні вольным уласьнікам, ні вытворцам. Ён зрабіўся чалавекам (чым бы ні займаўся), цалкам залежным ад хунты, якая кіруе, і ад яе так званых “ворганаў”. Другое злачынства рэжыму – амаль цалкавітая прывязка беларускага гандлю, энэргетыкі і эканомікі да эканамічна і палітычна хворай вялікадзяржаўнай Расеі. Гэта зроблена штучна і насуперак нацыянальным інтарэсам. Трэцяе і галоўнае злачынства – вынішчэньне беларускай культуры, мовы, школы, літаратуры, здушэньне носьбітаў нацыянальнага духу і параліч нацыянальнага жыцьця. Рэжым зманіпуляваў і загнаў людзей у спутанае грамадзтва закладнікаў ягонай палітыкі, памылак, фобіяў і капрызаў, зь неразьвітымі дачыненьнямі ўласнасьці, зь бедным і несфармаваным унутраным рынкам, зь несвабоднымі вытворцамі. Гэта збочаная сістэма, якая няздольная самаразьвівацца і нават адэкватна рэагаваць на ўдары эканамічнага крызісу, які (у значнай ступені) сама ж і спарадзіла. Фінансавы крызіс пачаўся летам 2008 года ў ЗША. Але характэрна, што з канца жніўня пачынае няўхільна падвышацца курс даляра адносна ўсіх эўрапейскіх валют. За пару месяцаў рост быў больш чым на 30 адсоткаў. Людзі, якія працуюць у дзяржаўнай фінансавай сфэры, павінны выдатна ведаць, што азначаюць цыклічныя рэгулярныя паніжэньні і павышэньні курсу даляра, хто і чаму гэта робіць (усе чулі выступ Грынспіна ў Кангрэсе ЗША ў кастрычніку мінулага года). Уладная сістэма рэжыму (пры ўмове, калі б думалі пра дзяржаву) ужо ў гэты час павінна б правесьці дэвальвацыю. Аднак дэвальвацыі не рабілі. Затое ўвесь час, як даляр рэзка йшоў у гару, на Беларусі трымалі яго стабільную нізкую цану і прыгаворвалі “стабільнасьць, стабільнасьць”. Той, хто ведаў сэнс гэтай “стабільнасьці”, скупляў даляры. Але хто ведаў? “Можа нехта і скарыстаў, — кажа асьцярожны С. Багданкевіч, — але вельмі вузкае кола ведала, што рыхтуецца дэвальвацыя”. (Радыё “Свабода”, 7 студзеня). Тады чаму гэтае “вузкае кола” трымала ўсё да Новага году і сьведама “прафукала” амаль палову залатога запасу краіны? Што іх стрымлівала? Рытарычнае пытаньне. Народ адчувае ашуканцтва і абураецца правільна. Хоць кабінэтныя “спэцы” і абзываюць яго цяпер: “…неймаверна нізкі ўзровень эканамічнай пісьменнасьці насельніцтва”. Але таму яго й ашукалі, што “нізкі”. І “спэцы” маўчалі. Ратаваць рэжым першымі якраз і кінуліся гэтыя “спэцы”. Выхад са становішча (глыбокадумна кажа адзін “экспэрт”) – гэта пераход на рускі рубель. Паратунак, маўляў, у Расеі (Л. Заіка). Але ведаем мы такіх “экспэртаў”. Іншы спэцыяліст-эканаміст выступіў з цэлай папулярнай праграмай. “Заклікаю калегаў да прафэсійнага падыходу і адказнасьці”, — кажа эканаміст, — і “самае галоўнае” — “апазыцыя мусіць зьмяніцца”, “узгадаць, чаго яна пасварылася з Лукашэнкам і … адмовіцца ад катэгарычнага непрыманьня ўсяго, што можа рабіць улада”. І далей: “… пачаць думаць пра інтарэсы краіны сьпярша, а пра палітычныя расклады потым”. (В. Сіліцкі) Класіка канфармізму, дэмагогіі і калабарацыі. Як гэта ўсё знаёма! Якое гэта ўсё старое! “Не раскачивайте лодку! Подумайте о стране!” – лямантавала рэфрэнам супраць нас камуністычная намэнклятура ў Вярхоўным Савеце, калі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, выкрывалі іхную віну ў штучным стварэньні інфляцыі ў пачатку 90-х гадоў, калі раскрывалі іхняе рабаўніцтва народа, нажываньне на людзкой бядзе, зьнішчэньне ашчадных укладаў насельніцтва, гробленьне эканомікі і багацьцяў краіны. Тады яны пачыналі прыкрывацца “страной”, заклікалі не гайдаць лодку, у якой нібыта разам плывём. Гэта казалі людзі, якіх злавілі за руку, якія на дух не пераварвалі нічога беларускага, якім напляваць было на гэту “страну”, на народ, на Беларусь і беларускую незалежнасьць. “Мы патопім вашую дзіравую лодку (камуністычную ўладу, значыць) разам з вамі”, — казалі мы ім. І патапілі. Шкада толькі, што ўсё ж не разам зь імі, бо ўтопленьнікі ўсплылі і да гэтага часу сьмярдзяць на Беларусі, рэпрадукуюць нават “спэцоў”. Каб выйсьці з крызісу зь меншымі стратамі, каб запабегчы абвалу і не дапусьціць расейскага шантажу, ёсьць толькі адзін надзейны і пэўны рэцэпт: ліквідаваць рэжым, які гэты крызіс зрабіў, выгнаць яго збанкрутаванага начальніка і ініцыятара – А. Лукашэнку. Усе астатнія варыянты пры захаваньні антыбеларускага рэжыму – гіблыя і правальныя, якія прывядуць да кепскіх вынікаў. Усе заклікі да супрацоўніцтва з антынародным рэжымам у гэтай сытуацыі пад выглядам ратаваньня краіны (якую рэжым гробіць) ёсьць паводзіны амаральныя і проста мярзотныя. Гульні рэжыму з дэвальвацыяй – яшчэ толькі кветачкі, ягадкі потым. Беларусам трэба не абурацца ў паветра, а скарыстацца крызісам, каб пагнаць прарасейскую хунту зь беларускай улады. “Лукашэнка, прэч!” І калі яны яшчэ раз успомняць пра “лодку”, якая ўжо 14 гадоў усім мазоліць вочы, то расхістаць яе трэба разам зь імі так, каб адразу пайшла на дно, стабільна і незваротна. Антынародны рэжым павінен быць ліквідаваны. Лукашэнка мусіць зыйсьці. Цяпер для некаторых гэта падаецца нязбытачным — перасталі верыць у свае сілы. Але жыцьцё не стаіць на месцы. Будзе яшчэ й уздым, і зьявяцца сапраўдныя змагары, і тады, як у песьні: “Мы знаем, што рэба рабіць!” Пасьля верасьнёўскіх выбараў у мінулым годзе і правальных паводзінаў на іх вікаўскай апазыцыі стала зразумела, што цяпер ёй будзе, нарэшце, канец. Так яно і адбываецца. Падстаўная “апазыцыя” самаліквідуецца дакладна па маскоўска-лубянскім сцэнары. “Апазыцыянеры” з АГП (Я. Раманчук і А. Вардамацкі) ужо залічаныя на працу ў адну дачасную міжведамасную ўрадавую групу. І гэта пасьля таго, калі “дэмакраты” (АДС) напісалі Лукашэнку камэдыянцкую прапанову ліквідаваць урад, замест яго стварыць антыкрызісную структуру ў Адміністрацыі і прызначыць аднаго зь іх (Раманчука) кіраўніком гэтай структуры. Лукашэнка ўраду, зразумела, не ліквідаваў, дык яны папрасіліся ў рабочую групку гэтага ўраду. Там зжаліліся і двох прынялі. “Мы готовы взять на себя часть ответственности за происходящее в стране”, — тлумачыць гэтае камэдыянцтва А. Лябедзька. (“Нар. Воля”, — 2008, 30 сьнежня). Унікумы, палітычныя Папандопулы. Эўра-грошы скончыліся, субсідыі пад пытаньнем, дык просяцца назад, у рэжым, а Лукашэнка іх не бярэ. Ні сораму, ні гонару, ні сумленьня (няма й не было). На гэтым іхняя гульня ў “апазыцыю” скончылася. Фініш. Апазыцыя ня можа супрацоўнічаць з выканаўчымі структурамі рэжымнай улады, якой яна супроцьставіцца. Тады гэта ўжо не апазыцыя, і нават не калабарацыя, а проста – рэжым. Усё вяртаецца на дарогі свае. Шкада толькі, што згадзілі слова “апазыцыя”. Адным з дзеяньняў рэжыму па падрыхтоўцы дарогі для крызісу зьяўляецца яго імкненьне зьнішчыць беларускае прадпрыймальніцтва як эканамічную зьяву і як сацыяльную групу людзей. Прычыны тут дзьве. Першая і галоўная – ня даць сфармавацца беларускаму сярэдняму класу, ня даць магчымасьці беларусам эканамічна ўкараніцца ў сістэме грамадзтва ды маёмна ўнезалежніцца. І другая прычына тыпова мафійная – пазбаўленьне ад канкурэнцыі для сеткі вялікіх магазінаў, дзе (як правіла) стрыгуць даходы людзі рэжыму (і дзе цэны большыя, чым у шапіках і на рынках). Зьнішчэньне дробнага прадпрыймальніцтва – гэта антынацыянальная палітыка і манапольная дзейнасьць, дакладней, разбой праз структуры ўлады. Недалёкі той час, кажа Лукашэнка, калі я пацісну руку апошняму прадпрыймальніку. (!) Пратэсты прадпрыймальнікаў на фоне гэтых цынічных заяў і гэтай вынішчальнай палітыкі выглядаюць жаласнай зьявай, асабліва іхнія воклічы, што яны адмяжоўваюцца ад палітыкі і вераць толькі прэзыдэнту. Гэтая “вера” ў нішчыцеля прывяла да ганебнага ашуканцтва, калі рэжым абвёў дарослых людзей вакол пальца, нібы падлеткаў. На жаль, на сёньняшні дзень гэтая праслойка людзей няздольная ні абараніць сябе, ні зразумець, што адбываецца. Крызіс і дэвальвацыя давершаць яе зьнішчэньне. Шкада. Аказваецца, што перш, чым шукаць гандаль і выгаду ды грошы ў кішэнь, трэба знайсьці Беларусь у сэрцы і разуменьне яе ў галаве, бо прадпрыймальніцтва ёсьць агульная справа і нацыянальная палітыка. Мяркую, аднак, што сябрам нашай Партыі Фронту ня трэба ўсё ж выключаць гэтых людзей са сфэры ўплыву нашай праграмы асьветніцтва, хаця ілюзіяў мець таксама ня трэба. У рашаючых падзеях, якія настануць, вызначальную ролю адыграюць іншыя групы і іншыя людзі. Беларусам трэба, нарэшце, узьнімаць галаву, гуртавацца і рыхтавацца да рашучай барацьбы з рэжымам. Тут зазначу, што канкрэтныя пляны, захады і мэтады барацьбы вызначаюцца ў партыях і арганізацыях і не заўсёды (асабліва пры цяперашнім стане) агучваюцца ў лістах і артыкулах. Але калі ёсьць разуменьне, гатовасьць і дух змаганьня, — змагар знойдзе сваё мейсца й дарогу да мэты. Лукашэнка мусіць зыйсьці! Зянон ПАЗЬНЯК Беларуская Салідарнасьць
Навіны Беларусі: