You are here

Беларуская салідарнасьць

Пікет які быў заплянавана на 14 кастрычніка на знак салідарнасьці з удзельнікамі Эўрапейскага Марша на Беларусі, не змог адбыцца па тэхнічных абставінах. У Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве ў Антвэрпэне адбыўся малебен за ўсіх змагароў за вольную Беларусь.

У Бруссэлі, у беларускім офісе за Дэмакратычную Беларусь, адбыўся маніторынг падзеяў у Менску, што дало магчымасьць прысутным асобам у рэжыму on-line сачыць за ходам палітычнай акцыі на Беларусі. З цікавасьцю за падзеямі ў Беларусі сачылі эўрапейскія палітыкі і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. Беларускае Эўрапейскае Задзіночаньне і маладзёвая арганізацыя Маладая Беларусь падрыхтавала да гэтага мерапрыемства свой адмысловы інфармацыйны бюлетэнь дзе выказаў свой пункт гледжаньня на сёньняшнюю палітычную сытуацыю на Беларусі.

“14 кастрычніка 2007 г. ў Менску адбываецца апазыцыйная дэманстрацыя за эўрапейскі шлях разьвіцьця Беларусі. На працягу ўсяго падрыхтоўчага тэрміну да дэманстрацыі дыктатарская ўлада рабіла страшэнны ўціск на актывістаў апазыцыйнага руху з мэтай іх запалохваньня. Дзесяткі беларусаў былі заарыштаваныя і пасажныя за краты толькі за тое, што распаўсюджвалі інфармацыю пра будучую акцыю.

Дыктатарская ўлада, якая трымае ўвесь народ у страху, ня хоча, каб народ Беларусі жыў разам з народамі краінаў Эўразьвязу. Народ Беларусі бачыць будучыню сваёй краіны ў хрысьціянскай сям’і народаў Эўропы. Камуністычная сыстэма гартаваным жалезам і турмамі вынішчала ўсё добрае, што было прынесена на беларускія землі хрысьціянскай цывілізацыяй. На сёньняшні дзень акупацыйная расейская ўлада, якая пануе на Беларусі, пад выглядам пашырэньня расейскай праваслаўнай царквы засылае агентуру КГБ у выглядзе сьвятароў, якія вядуць антыдзяржаўную палітыку і займаюцца вынішчэньнем усяго беларускага, што засталося пасьля камуністычнага рэжыму. У мінулым стагодзьдзі імпэрская палітыка маскоўскага крамля пад выглядам усталяваньня камуністычнага інтэрнацыянала давяла Эўропу да катастрофы сусьветнай вайны, пад час якой была зьнішчана шмат мільёнаў эўрапейцаў. Уся падрыхтоўка да катастрофы праходзіла пры маўклівай згодзе палітыкаў, якія мелі пасады ў Лізе Нацыяў. Магчыма, наступствы тае катастрофы не знаходзяць месца ў галовах некаторых эўрапейскіх палітыкаў, яны спрабуюць надаць злачыннай уладзе маскоўскага крамля чалавечае аблічча. Гэтыя эўрапейскія палітыкі спрабуюць легалізаваць падрыўную дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў у краінах усходняга блёку, дзе яны спрабуюць энэргетычным шантажом усталяваць імпэрскі палітычны рэжым. Ня можа не зьдзіўляць іх нечаканыя сымпатыі да рускай праваслаўнай царквы, якую яны не ведалі, пакуль у іх не зьявіліся прагматычныя цікаўнасьці.

Мы зьвяртаем увагу эўрапейскіх грамадзянаў, што за палітыкай двайных стандартаў несумленных палітыканаў ад розных эўрапейскіх інстытуцыяў крыецца вялікая небясьпека для ўсёй Эўрапейскай цывілізацыі. Мы зь вялікай павагай і адказнасьцю ставімся да дэмакратычнага ладу жыцьця эўрапейскіх жыхароў і таму не можам заставацца ў маўклівай згодзе з набіраючым сілу расейскім імпэрыялізмам, які нясе пагрозу не толькі краінам суседзям, але і ўсяму сьвету. Мы зьвяртаем увагу на той факт, што маскоўскія цікавасьці ўсё глыбей улазяць у структуры кіраваньня краінаў Эўропы, і гэта ўжо адчулі на сваім лёсе многія палітычныя ўцекачы з Беларусі.

Мы ўсе адказныя за лёс Эўропы, і пакуль Беларусь знаходзіцца пад акупацыйным рэжымам, Эўропа не можа лічыцца дэмакратычнай!

Народ Эўропы можа дапамагчы народу Беларусі пазбавіцца ад дыктатуры, і мы будзем разам жыць у дэмакратычнай сям’і народаў Эўропы!”

БЭЗ-Інфа

Навіны дыяспары: