You are here

Эўрaпейскaя салідарнасьць зь Беларусьсю

На знак салідарнасьці з суайчыньнікамі ды імкеньнямі беларусаў стаць паўнапраўнымі эўрапейцамі, у розных гарадох Эўропы адбыліся акцыі падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. У польскай сталіцы мерапрыемства ладзіў Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі. Марш прайшоў галоўнай вуліцай сталіцы – Маршалкоўскай ад Пляцу Канстутуцыі да Банковага пляцу. У ім прымалі ўдзел польскія палітыкі й грамадзкія дзеячы, у тым ліку віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, якога па дарозе ў Менск, на польска-беларускай мяжы, беларускія памeжнікі высадзілі зь цягніка. Я. Анышкевіч: Далучыўшыся да варшаўскага маршу, падчас маёй прамовы, я перакорліва зазначыў, што мне вельмі сумна, што я знаходжуся разам з вaмі ў Варшаве, бо я павінен быць у Менску. Але мяне пазбавілі такой магчымасьці. І таму, прынамсі тут, сваёй прысутнасьцю я выказваю падтрымку падзеям, якія адбываюцца ў Менску. А таксама эўрапейскім імкненьням беларусам, якія змагаюцца ня толькі за годнае месца для Беларусі ў Эўропе, але й за дэмакратыю ў сваёй краіне. Беларуская дыяспара ў Чэхіі правяла акцыю салідарнасьці на Пляцы Сьвятога Вацлава ў Празе. Як зазначае арганізатар мерапрыемства Яўген Сідорык, акцыя адбылася выдатна. Я. Сідорык: Было цудоўнае надвор`е , была цудоўная атмасфэра сярод удзельнікаў. Вельмі прыемна было пабачыць шмат моладзі й студэнтаў. Калі я заяўляў акцыю, я пазначыў у заяве, што будзе прысутнічаць 20, максымальна 30 асобаў. Але прыйшло больш за 50 беларусаў, якія зараз жывуць у Празе, і паліцыя не рабіла ніякіх перашкодаў. Паліцыя з боку паназірала, пабачыла, што стаяць нармальныя культурныя людзі, і нават не падыходзіла. Было шмат журналістаў цэнтральных чэскіх СМІ. Было шмат фотакарэспандэнтаў. Яны былі ў захапленьні, калі пад помнікам Сьвятога Вацлава луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Была цікаўнасьць з боку мінакоў. Падыходзілі людзі, фатаграфаваліся разам з намі, асобна. Акцыя адбылася, мы дасягнулі сваёй мэты. Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне Бэльгіі таксама салідарызавалася з суайчыньнікамі ў Менску. Хаця, як зазначае старшыня задзіночаньня Зьміцер Піменаў, дазволу на правядзеньне інфармацыйнай акцыі яны так і не атрымалі. З. Піменаў: На жаль, акцыя не адбылася, але падчас набажэнства ў грэка-каталіцкай царкве мы памаліліся за ўсіх прысутных на Эўрапейскім маршы. Пасьля набажэнства мы паехалі ў «Офіс за дэмакратычную Беларусь», каб сачыць за падзеямі ў Менску. А нашая акцыя не адбылася з-за таго, што мы так і не дачакаліся дазволу ад паліцыі. У панядзелак я пашлю запыт, чаму так адбылося. Я не выключаю, што ў панядзелак яны могуць прыслаць які-небудзь дазвол. За падзеямі ў Менску сачылі прадстаўнікі эўраструктур у Брусэлі. Такую магчымасьць яны атрымалі ад «Офісу за дэмакратычную Беларусь», які зладзіў «прамую лінію» зь Менскам, - распавяла прадстаўніца Офісу Вольга Стужынская. В. Стужынская: Мы арганізавалі гэтыю сустрэчу дзеля таго, каб была магчымасьць у прадстаўнікоў эўраструктур і СМІ, якія знаходзяцца ў Брусэлі, наўпрост сачыць за тым, што адбываецца ў Менску падчас Эўрапейскага маршу. Прыйшло даволі шмат зацікаўленых. Канешне, усе парадаваліся, што акцыя адбылася бяз арыштаў і назьбірала даволі шмат людзей. Значана больш, чым на папярэдніх дэманстрацыях. Вельмі радуе тое, што так шмат людзей ведае пра парапановы Эўразьвязу. Так шмат людзей гатовыя іх падтрымаць і гатовыя працягваць барацьбу за эўрапейскую рэінтэграцыю Беларусі. На месцы за правядзеньнем Эўрапейскага маршу сачыў часовы павераны ў справах Славаччыны Любамір Рэгак. Славаччына выконвае функцыі мясцовага прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Спадар Рэгак зазначыў, што Эўрапейскі марш зьяўляецца праяўленьнем жаданьня грамадзянскай супольнасьці мірным спосабам падтрымаць курс ураду на збліжэньне з Эўропай. Таму незразумелыя ўсе рэпрэсійныя крокі ўладаў напярэдадні мерапрыемства. Караліна Русіновіч Polskie Radio
Навіны дыяспары: