You are here

Парафіяльны Фэст 30.11.2019

У суботу 30 лістапада 2019 году Беларуская парафія горада Антвэрпана адзначыла свой 16-ты Парафіяльны Фэст у гонар сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага. Урачыстую Боскую Літургію ў саборным служэньні каталіцкіх сьвятароў візантыйскага і лацінскага абрадаў узначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Яму суслужылі сем сьвятароў: пробашч беларускай парафіі а. Ян Майсейчык; адміністратар украінскай парафіі сьв. Андрэя і сьв. Мікалая г. Антвэрпан айцец Руслан Піх з Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля (Айцы Рэдэмптарысты); адміністратар украінскай парафіі Нараджэньня сьв. Яна Хрысьціцеля г. Гэнт айцец Іван Данчэўскі; пробашч парафіі сьв. Карнэлія ў г. Будэл (Галандыя) айцец Тон Сіп; рэктар Супольнасьці візантыйскага абраду ў гонар сьв. Яна Папярэдніка г. Брусэль айцец Албан Дудэлет; пробашч фламандскай парафіі Сьвятога Сэрца г. Антвэрпан айцец Марцін Дэрдзюк з францішкаскага Чыну Братоў Меншых Капуцынаў і сакратар Анвэрпанскай правінцыі Братоў Капуцынаў айцец Ян Дэ Влеесгаўэр. Сьпяваў Літургію фламандскі грэка-каталіцкі хор “Ангельскі сабор” на чале з Крысьцін Ван Ларэ. У набажэнстве прынялі ўдзел каля сотні беларускіх, украінскіх і фламандскіх вернікаў. Завершылася багаслужбовая ўрачыстасьць супольным сьпевам беларускага духоўнага гімну “Магутны Божа”, тон якому задаваў згаданы фламандскі хор.

DSC_0212.JPG

DSC_0303.JPG

DSC_0309.JPG

Пасьля ўсе прысутныя былі запрошаныя да агульнага сьвяточнага сталаваньня, якое прыгатавалі старанныя верніцы нашай парафіі.

Духоўнае жыцьцё: