You are here

Хто і нашто здымаў Вострыкава

22 кастрычніка ў Гомелі невядомыя наведалі 85‑гадовага Цімоха Вострыкава — аднаго з герояў беларускага нацыянальнага руху. Ён знаходзіцца ў цяжкім стане і практычна не размаўляе. Ніна Іванаўна — жанчына, якая даглядае яго, паведаміла БелаПАН, што незнаёмых людзей на сустрэчы з Ц.Вострыкавым суправаджала супрацоўніца УКДБ па Гомельскай вобласці. «Гэтыя людзі здымалі Цімоха Акімавіча на відэакамеру і распытвалі яго пра часы, калі ён быў закінуты ў Беларусь у 1952 годзе, як потым сядзеў у лагеры ў Мардовіі. Асабліва цікавілі яго знаёмствы — з Барысам Рагулем, Янкам Запруднікам, іншымі людзьмі. Таксама яны цікавіліся, як я пазнаёмілася з Цімохам Акімавічам, чаму я даглядаю яго, хто мне дапамагае. Пыталіся, хто прыходзіць да Вострыкава, якія людзі, ці дапамагаюць яны нам матэрыяльна», — паведаміла Ніна Іванаўна. Паводле слоў жанчыны, Ц.Вострыкаў не змог адказаць гасцям практычна ні на адно пытанне, бо ён цяжка хворы і вельмі мала размаўляе. «Навошта было яго распытваць аб справах даўно мінулых? Тым больш — шмат разоў ужо прыязджалі, пыталіся, здымалі, паказвалі па тэлевізары. Нічога новага ён сказаць не можа, тым больш — у такім стане», — зазначыла Ніна Іванаўна. *** Цімох Вострыкаў у 1952 годзе ў складзе «чацвёркі» быў закінуты ў Беларусь амэрыканскім самалётам як прадстаўнік Рады БНР. Праз тыдзень пасля высадкі дэсант быў злоўлены супрацоўнікамі НКУС. Па прыгаворы суда Ц.Вострыкаў за «здраду Радзіме са зброяй у руках» правёў 23 гады ў лагерах у Мардовіі. Пасля вызвалення жыве ў Гомелі. БелаПАН Наша Нiва
Навіны Беларусі: