You are here

Моцная пазыцыя маленькай Эстоніі

“Такая магутная дзяржава як Нямеччына павінна больш думаць пра альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, а не паводзіць сябе як наркаман, які робіцца ўсё больш залежным ад расейскага газу” – гэта словы не француза, брытанца ці паляка. Гэта рэакцыя старшыні эстонскага парлямэнту Энэ Эргма на крытыку Расеі й Нямеччыны адносна адмовы Таліну на разьмяшчэньне часткі Паўночнага газаправоду на тэрытарыяльных водах Эстоніі. Кіраўніцтва маленькай Эстоніі настолькі зацята бароніць свае нацыянальныя інтарэсы, што пазайздросьціць ёй можа не адна краіна Цэнтральна-ўходняй Эўропы. У дэбатах вакол нямецка-расейскай трубы на дне Балтыйскага мора Эстонія трымаецца станоўчай пазыцыі, і няма падставаў казаць, каб у бліжэйшай будучыні яна зьмянілася. Эстонцаў не змаглі пераканаць нават іх блізкія суседзі фіны. Прэм’ер-міністар Фінляндыі Маці Ванханэн неаднаразова націскаў на ўрад Эстоніі, каб той пагадзіўся на прапанову Расеі, аднак безпасьпяхова. Прэзыдэнт Фінляндыі Тар’я Халанэн падчас афіцыйнага візыту ў Маскву асабіста абяцала Ўладзімеру Пуціну, што пераканае суседзяў. Спрэчкі вакол Паўночнага газаправоду зьяўляюцца аднак драбязой у параўнаньні з прапаганадай, якая разгарэлася ў Эўропе ў сувязі з так званым перасьледам расейцаў у Эстоніі. Адным з галоўных ініцыятараў узьняцьця гэтага пытаньня ў Эўразьвязе быў ніхто іншы, як старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. Падчас аднаго з публічных выступаў эўрачыноўнік між іншым заявіў, што неграмадзяне Эстоніі ня маюць ніякіх выбарчых правоў. Насамрэч яны маюць права голасу на мясцовых выбарах. Эстонцы ня выключаюць, што зьвернуцца з заявай аб адкліканьні Рэнэ ван дэр Ліндэна з пасады старшыні ПАРЭ. Гаворыць старшыня камісіі па адносінах з Эўракамісіяй эстонскага парлямэнту Марка Мікэльсон. М. Мікэльсон: Пытаньне энэргазабесьпячэньня зьяўляецца найбольш важным для Эўразьвязу зараз і застанецца на шмат гадоў. Усе праекты, а асабліва Паўночны газаправод, павінны быць карыснымі для ўсіх краінаў Эўропы, а ня толькі для некаторых рэспублік. Мы выказваемся за максымальную дывэрсыфікацыю паставак расейскага газу й манапольных структур. Мы хочам, каб з боку Расеі дзейнічала надзейнае энэргазабясьпячэньне. Ёсьць шмат альтэрнатываў, але мы не павінны забывацца й пра іншыя аспэкты. Балтыйскае мора вельмі чулае, а гэты праект стварае сур’ёзную пагрозу для экалёгіі. Гэтыя пытаньні павінны абмяркоўвацца комплексна тымі бакамі, якія ў ім бяруць удзел. Марка Мікэльсон абвінаваціў галяндца Рэнэ ван дэр Ліндэна ва ўтойваньні інфармацыі перад Эўрапарлямэнтам і канфлікце інтарэсаў. Высьвятляецца, што ван дэр Ліндэн узначальвае Назіральную раду фірмы Nobel House Holding, якая заінвэставала 100 млн. эўра ў разьвіцьцё комплексу сучаснай тэхналёгіі ў расейскім горадзе Сабінск. Варта ўзгадаць, што падчас аднаго з сёлетніх візытаў у Маскву Рэнэ ван дэр Ліндэн падтрымаў пазацыю Расеі адносна Косава й выказаўся супраць стварэньня амэрыканскага антыракетнага шчыта ў Цэнтральнай Эўропе. Паводле эстонскага публіцыста Рэйна Вэйдэмана, нягледзячы на тое, што Эстонія зьяўляецца чальцом Эўразьвязу, свае энэргетычныя пытаньні яна ў стане вырашыць сама. Р. Вэйдэман: Эстонія залежыць ад расейскага газу – гэта факт. Талін і іншыя буйныя гарады маюць ацяпленьне дзякуючы расейскай сыравіне. Асноўнай крыніцай энэргіі на насутпныя 10 гадоў для нас будуць гаручыя сланцы. Альтэрнатыву мы бачым перш за ўсё ў атамнай энэргіі. Урад Эстоніі робіць шмат намаганьняў, каб удзельнічаць у працы новай АЭС у Летуве, а таксама ў Фінляндыі. Апошнім часам пачаліся такія размовы, што Эстонія павінна сама стварыць невялікую АЭС, каб павялічыць узровень дывэрсіфікацыі паставак з Расеі. Вэйдэман аднак прызнаецца, што ў спрэчцы паміж Расей і Эстоніяй гаворка ідзе ня толькі пра сыравіну. Р. Вэйдэман: Галоўнай карысьцю для нас зьяўляецца нацыянальнае самастанаўленьне. Мы хочам перамагчы той гістарычны страх да Расеі, які нас суправаджаў доўгія гады. У калектыўнай памяці моцна замацаваны пакт 1939 году паміж Нямеччынай і Расеяй. Эстонія тады згубіла сувэрэнітэт і амаль чвэрць насельніцтва. А палітыка вакол гэтага газаправоду непасрэдна зьвязаная вакол страху. Для нас гэты праект нагадвае аб небясьпецы, якая ўвесь час існуе. Лавіну крытыкі з боку эстонцаў выклікалі заявы спэцыяльнага дакладчыка ААН па пытаньнях дыскрымінацыі Доду Дзіен. Ён заклікаў Талін прызнаць дзяржыўнымі некалькі моваў нацыянальных меншасьцяў Эстоніі. Прэзыдэнт краіны заявіў на гэта наступнае: “Калі Дзіен сьцьвярджае, што ў нашай кріане павінна быць некалькі дзяржаўных моваў, то я прывяду прыклад Нямеччыны, дзе жыве 4 млн. туркаў. Чаму гэтая краіна ня мае некалькі дзяржаўных моваў?” Дзьмітры Гурневіч Polskie Radio
У сьвеце: