You are here

Амэрыканскім інтэрнэт‑кампаніям забароняць супрацоўнічаць з рэпрэсіўнымі рэжымамі

Кангрэс ЗША ўхваліў законапраект, што забараняе тэхнічным кампаніям гэтай краіны «дапамагаць рэжымам, якія абмяжоўваюць доступ у інтэрнет» Камітэт па замежных справах палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ўхваліў законапраект «Акт аб глабальнай сеткавай свабодзе», што забараняе тэхнічным кампаніям Злучаных Штатаў Амерыкі «дапамагаць рэжымам, якія абмяжоўваюць доступ у інтэрнет». Як паведамляе афіцыйны інтэрнет‑сайт аднаго з сааўтараў законапраекта, кангрэсмена Крыстафера Сміта, «законапраект узмацніць новую стратэгію федэральнага ўрада па прасоўванні свабоды ў інтэрнеце». Ён «забараняе інтэрнет‑кампаніям ЗША супрацоўнічаць з рэпрэсіўнымі рэжымамі, якія абмяжоўваюць інфармацыю аб правах чалавека і дэмакратыі ў інтэрнеце і выкарыстоўваюць інфармацыю сусветнай сеткі для таго, каб высочваць і караць дэмакратычных актывістаў». Акт аб глабальнай сеткавай свабодзе ўтрымлівае спіс «краін, якія абмяжоўваюць карыстанне інтэрнетам». Новы закон забараняе кампаніям ЗША раскрываць гэтым краінам інфармацыю, якая асабіста ідэнтыфікуе пэўнага інтэрнет‑карыстальніка (акрамя выпадкаў, якія спецыяльна рэгулююцца законам). У адпаведнасці з законапраектам у Дзярждэпартаменце ЗША будзе створана міжведамаснае ўпраўленне па глабальнай свабодзе ў інтэрнеце, якое зоймецца развіццём і ўкараненнем новай стратэгіі. Акт аб глабальнай сеткавай свабодзе таксама ўстанаўлівае штраф за парушэнне новых патрабаванняў: для юрыдычных асоб яго памер будзе складаць да 2 млн. долараў ЗША, для прыватных — да 100 тыс. долараў. Рабочая група па забеспячэнні свабоды ў інтэрнеце была створана Дзярждэпартаментам ЗША ў лютым 2006 года. 20 снежня мінулага года яна прадставіла сваю новую стратэгію, якая заключаецца ў маніторынгу свабоды доступу да інтэрнета ў свеце, садзеянні пашырэнню доступу да інтэрнета і супрацьдзеянні спробам абмежаваць такі доступ. Кангрэсмен Крыстафер Сміт, які раней ініцыяваў прыняцце Кангрэсам закона «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» 2006 года, прывітаў прыняцце новай стратэгіі па прасоўванні свабоды ў інтэрнеце. Пры гэтым ён падкрэсліў, што такія «аўтарытарныя рэжымы», як у Беларусі, на Кубе, у Эфіопіі, Іране, Лаосе, Паўночнай Карэі, Тунісе і В’етнаме, вядомыя тым, што «блакіравалі, абмяжоўвалі і кантралявалі» інфармацыю ў інтэрнеце. Анастасія Янушэўская, БелаПАН Наша Нiва
У сьвеце: