You are here

Як ствараўся Народны фронт

25 кастрычніка ў Варшаве адбылася сустрэча, прысьвечаная гадавіне заснаваньня Беларускага народнага фронту. Дзевятнаццаць год таму, 19 кастрычніка 1988 года, быў створаны аргкамітэт БНФ. Аб гісторыі грамадзкага руху й партыі, якая назаўды ўвайшла ў гісторыю незалежнай Беларусі, маладым беларускім студэнтам распавядалі сьведкі тагачасных падзеяў, дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Мікалай Аксаміт і Пятро Шашкель. Беларускі народны фронт вырас зь інтэлігенцкага руху, які пачаў фармавацца яшчэ напрыканцы 70-х гадоў. У вытокаў яго cтаялі беларускія мастакі, гісторыкі, пісьменьнікі й паэты. Пра гэта нам распавёў адзін са стваральнікаў партыі Валеры Грыцук. В. Грыцук: У 1978 годзе Зянон Пазьняк арганізаваў першую ў другой палове XX стагодзьдзя палітычную акцыю ў Беларусі. Гэта была абарона старога горада ў Менску. Да акцыі далучылася вельмі шмат людзей. Фактычна, з гэтага й пачалася гісторыя Беларускага народнага фронту. Прадстаўнікі грамадзкасьці пісалі лісты ў дзяржаўныя ўстановы, ў ЦК КПСС. Нам ўдалося абараніць помнікі гісторыі. Людзі, якія пазнаёміліся падчас гэтай акцыі, падтрымлівалі надалей свае стасункі, ладзілі сустрэчы. Найлепшым месцам для спатканьняў былі майстэрні мастакоў. Мастакі былі ў той час адносна незалежныя ад дзяржавы й карысталіся большай свабодай. На працягу дзесяці год, да 1988 году адбываліся рэгулярныя сустрэчы. Яны былі фармальна апалітычныя: інтэлігенцыя зьбіралася, каб адзначыць важныя даты беларускай гісторыі, ўшанаваць памяць славутых продкаў. Аднак у коле сяброў ўсё роўна ішлі размовы аб будучыні Беларусі. Менавіта гэтыя людзі: мастакі, паэты, пісьменьнікі, навукоўцы, - і сталі рухавіком нацыянальнага адраджэньня. Нажаль, большасьць зь іх празь некалькі год адышла ад палітычнай дзейнасьці, бо яны былі перш за ўсё творцамі. Але справа была зроблена – Беларускі народны фронт быў створаны. 19 кастрычніка 1988 года ў касьцёле сьвятых Сымона й Алены ў Менску адбыўся сход інтэлігенцыі. Мэтай спатканьня было стварэньне Камітэту памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, аднак прысутныя прагаласавалі за тое, каб утварыць больш шырокую арганізацыю. На сходзе быў абраны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту. Народныя фронты - шырокія грамадзкія рухі - паўставалі напрыканцы 80-х гадоў у Летуве, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіне. Камуністычная партыя спрабавала кантраляваць гэты працэс, ставіць на чале грамадзкіх рухаў ляяльных адносна сябе людзей. Як паведаміў Мікалай Аксаміт, па загадзе ЦК Кампартыі Беларусі БНФ павінен быў узначаліць сакратар Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка. Аднак дзякуючы актыўнай падтрымцы Васіля Быкава на пасаду старшыні Народнага фронту быў абраны Зянон Пазьняк. Беларускі народны фронт, які быў інтэлігенцкім рухам і меў невялікае прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце, вельмі хутка ператварыўся ў значную палітычную сілу, аднак ня змог супрацьстаяць ўсталяваньню аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Аб прычынах паразы дэмакратыі ў Беларусі разважае дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Мікалай Аксаміт М.Аксаміт: Дзеячы БНФ былі людзьмі інтэлігентнымі. Яны не маглі карыстацца тымі мэтадамі, якія ўжываў Лукашэнка. Па-другое, дэмакратыя тады яшчэ ня ўмацавалася, рэальнай ўлады ў дэмакратаў не было. Першыя парасткі свабоды былі растаптаныя, і гэта зрабіла нават не беларуская намэнклятура, гэта было зроблена пры дапамозе расейскіх спэцслужбаў. Ці мажлівае сёньне паўстаньне шырокага грамадзкага руху? Тыя, хто стаяў калісьці ля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэньня, лічаць, што гэта магчыма. М.Аксаміт: Я лічу, што гэта цалкам мажліва. Масавы пратэст можа нарадзіцца з-за пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, але я ня зьвязваў бы з гэтым вялікіх надзеяў. Вядома, чым ніжэй ўзровень жыцьця чалавека, тым ніжэй яго грамадзянская пазыцыя. Бязглуздая й несумленная прапаганда, якая вядзецца дзяржаўнымі СМІ, ужо выклікае нэгатыўную рэакцыю людзей. Недалёка да той крытычнай кропкі, калі прапаганда рэжыму пачне працаваць супраць яго. Гэта адчуваецца ў грамадзтве. Яно ўжо зусім не такое, якім было яшчэ пяць гадоў таму. Прыйшло новае пакаленьне. Моладзь больш аргэсіўная й прагматычная, чым была ў нашыя часы. Лідарам, які можа ўзначаліць такі шырокі грамадзкі рух, на маю думку, можа быць Аляксандар Мілінкевіч. Я не бачу сярод лідараў апазыцыйных партыяў людзей, якія б змаглі аб’яднаць грамадзтва. Мілінквічу падчас мінулых выбараў гэта ўдалося. За ім пайшлі й людзі сярэдняга веку, і моладзь. На вялікі жаль, лідары партыяў ставяцца да Мілінкевіча з рэўнасьцю замест таго, каб яго падтрымаць. У гэтым іх вялікая памылка. Шмат каму зь кіраўнікоў партыяў лаўры лідара аб’яднанай апазыцыі не даюць спакою. А лідар ўжо ёсьць. Іншага шукаць ня трэба. Удзельнік сустрэчы, сябра КХП БНФ Пятро Шашкель выступіў з жорсткай крытыкай усіх кіраўнікоў сёньняшняй беларускай апазыцыі й заявіў, што альтэрнатывы Зянону Пазьняку на беларускай палітычнай сцэне няма. П. Шашкель: Сёньняшнія лідары гэтак званай апазыцыі маюць шмат амбіцыяў. Я не хачу нічога дрэннага казаць пра Мілінкевіча, але гэта ня лідар. Добра яшчэ, што падчас Эўрапейскга маршу ён не павёў людзей на Бангалёр, як гэта зрабілі іншыя. А моладзь гэтыя “паходы на балота” апазыцыі вельмі добра ацаніла, калі падарыла лідарам партыяў лапатачкі – вядома для чаго, бо на гэтай плошчы выгульваюць сабак. Мікалай Аксаміт зьвярнуўся да беларускіх студэнтаў Варшавы з заклікам берагчы гонар беларусаў, годна вучыца й працаваць. Хвілінай маўчаньня удзельнікі сустрэчы ўшанавалі памяць нашых сучасьнікаў, грамадзкіх актывістаў, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё справе адбудовы дэмакратыі на Беларусі й заўчасна адышлі ад нас. Сустрэча была арганізаваная таварыствам “Беларуская нацыянальная памяць” (адрас у інтэрнэце www.bielarusnp.blogspot.com). Polskie Radio