You are here

Ці варта баяцца пашырэньня NATO?

У Варшаве адбылася канфэрэнцыя “Эўраатлянтычная будучыня Ўкраіны” “Мы зацікаўленыя ў тым, каб ва Ўкраіне ўсталяваліся дэмакратыя, стабільнасьць, дабрабыт. Вайскоўцы NATO ўжо даўно адкінулі ваяўнічую рыторыку. Сёньня NATO займаецца перш за ўсё пытаньнямі грамадзянскай абароны, крызыснага рэгуляваньня, цывільнага кантролю над арміяй, а таксама падтрымкай дэмакратыі, стабільнасьці й бясьпекі ўнутры краінаў-сябраў Саюзу, - заявіў учора ў Варшаве супрацоўнік прадстаўніцтва NATO ва Ўкраіне, амэрыканскі дыплямат Джон Грын. Палітыкі й экспэрты з Польшчы, Нямеччыны, ЗША й Украіны сабраліся ў польскай сталіцы, каб ацаніць пэрспэктывы ўступленьня Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны альянс. Удзельнікі прадстаўнічага форуму “Эўраатлянтычная будучыня Ўкраіны” падкрэсьлівалі, што сёньняшні Паўночнаатлянтычны альянс зьяўляецца арганізацыяй, вельмі непадобнай да той, што існавала ў часы халоднай вайны. Варожы стасунак да NATO ўтрымліваецца ў сьвядомасьці людзей на постсавецкай прасторы з-за банальнага браку ведаў аб альянсе, а таксама з-за шматлікіх нядобрасумленных палітычных спэкуляцыяў. Гаворыць былы прадстаўнік Польшчы ў NATO, амбасадар Ежы Новак. Е. Новак: У параўнаньні з эпохай халоднай вайны, NATO зьяўляецца сёньня зусім іншай арганізацыяй. У тыя часы мэтай блёку было стрымаць “марш на Эўропу” Савецкага Саюзу. Трэба падкрэсьліць, што за ўсю сваю гісторыю NATO ніколі не распачынала вайны, нават у тыя часы Паўночнаатлянтычны саюз меў выключна абаронны характар. Сёньня саюз NATO толькі часткова засяроджаны на абароне. Ваенны напад, зрэшты, успрымаецца толькі як гіпатэтычная мажлівасьць, бо ў гісторыі не бракуе прыкладаў раптоўнай зьмены вайскова-палітычнай сытуацыі ў Эўропе. Але абарона сёньня не зьяўляецца галоўнай мэтай NATO. Галоўнай мэтай альянсу зьяўляецца сёньня стабілізацыя, усталяваньне агульных нормаў дзеяньня для ўсіх дзяржаў – сябраў арганізацыі. Мы хочам, каб у галіне бясьпекі й абароны ўсе краіны блёку паводзілі сябе аднолькава. У гэтым няма нічога небясьпечнага. Нягледзячы на антынатаўскую рыторыку расейскіх СМІ, расейскія спэцыялісты добра разумеюць, што сёньняшні блёк NATO – гэта зусім іншая арганізацыя, і актыўна супрацоўнічаюць з альянсам. NATO дапамагае Расеі ў мадэрнізацыі яе ўзброеных сілаў. Таму няма ніякіх падставаў лічыць NATO агрэсіўнай арганізацыяй, скіраванай супраць каго б там ні было. На маю думку, існуюць дзьве галоўныя прычыны захаваньня антынатаўскіх настрояў у расейскім, беларускім і вялікай частцы ўкраінскага грамадзтва. Першая – гэта стэрэатыпы часоў халоднай вайны. Яны лёгка ня зьнікнуць. Другой прычынай зьяўляецца новая палітыка Ўладзімера Пуціна, скіраваная на тое, каб вярнуць Расеі пазыцыю звышдзяржавы. І расейцам хацелася б, каб іх суразмоўцамі на міжнароднай арэне былі выключна магутныя акторы – ЗША, Нямеччына, Кітай, Японія й Эўразьвяз. Малыя дзяржавы Расеі не цікавяць. Расея не зацікаўлена нават у размовах з NATO, бо ў гэтым выпадку ёй прыйшлося б згадзіцца з тымі прынцыпамі роўнасьці й салідарнасьці, якія існуюць у альянсе. У грамадзкай сьвядомасьці ўкаранілася меркаваньне, што ўступленьне ў NATO прывядзе да гібелі ўкраінскай ваеннай прамысловасьці. Удзельнікі канфэрэнцыі назвалі такія засьцярогі забабонамі. Супрацоўнік прадстаўніцтва NATO ў Кіеве Джон Грын заявіў, што ўкраінская абаронная прамысловасьць знаходзіцца ў заняпадзе, з прычыны агульнага крызысу й браку замоваў з боку дзяржавы. Украінскія заводы разьлічаныя на вытворчасьць і абслугоўваньне тэхнікі, якая калісьці выкарыстоўвалася ў СССР, а зараз знаходзіцца на ўзбраеньні Расеі ды іншых постсавецкіх рэспублік. Але сама Расея яшчэ 10 гадоў таму вырашыла скончыць з залежнасьцю ад былых савецкіх рэспублік у ваенна-прамысловай галіне й становіцца ўсё больш самастойнай у гэтым пляне. Замоваў з боку Расеі больш ня будзе. Выратаваньнем для ўкраінскага ВПК можа стаць супрацоўніцтва з заходнімі фірмамі ў рамах NATO – падкрэсьліў амэрыканскі дыплямат. Кошты дастасаваньня арміі да стандартаў NATO таксама звычайна перабольшваюцца. Як паведаміў былы прадстаўнік Польшчы ў NATO Ежы Новак, Польшча штогод укладае ў бюджэт альянсу 5,7 мільёны эўра, затое атрымлівае фінансаваньне з боку Паўночнаатлянтычнага блёку ў памеры 14 мільёнаў эўра ў год. Гаворачы аб пэрспэктывах уступленьня Ўкраіны ў NATO, прафэсар Яўген Жарабецкі з Украінскага дзяржаўнага інстытуту праблемаў міжнароднай бясьпекі заявіў, што яго краіна можа зьвярнуцца да альянсу з просьбай аб уступленьні нават у красавіку 2008 году. “Незалежнасьць і бясьпека дзяржавы зьяўляюцца галоўнай вартасьцю нават для прыхільнікаў Віктара Януковіча, таму па пытаньні ўступленьня ў NATO сярод украінскіх элітаў пануе згода,” – заявіў украінскі экспэрт. Ва ўкраінскім грамадзтве, на жаль, такой згоды няма. Ідэю ўступленьня ў NATO падтрымлівае толькі крыху больш за 20% украінцаў. Большасьць увогуле ня лічыць гэтай праблемы важнай: уступленьне ў NATO знайшлося толькі на 22 мейсцы ў сьпісе 30 галоўных пытаньняў, якія цікавяць украінскае грамадзтва. Таму прафэсар Раман Кузьняр, спэцыяліст па міжнародных адносінах з Варшаўскага ўнівэрсытэту, скептычна адрэагаваў на выступ украінскага экспэрта Яўгена Жарабецкага. Прафэсар Кузьняр заявіў, што ўкранскія палітыкі вельмі шмат кажуць аб уступленьні ў NATO, але не падмацоўваюць словы рэальнымі дзеяньнямі. Украінскія ўлады нават не распавядаюць уласным грамадзянам аб карысьцях з далучэньня да Паўночнаатлянтычнага альянсу. Замест таго, каб прымаць рашучыя крокі ў кірунку эўраатлянтычнай інтэграцыі, Украіна дрэйфуе паміж Усходам і Захадам. Вынікам такой палітыкі можа стаць тое, што Ўкраіна зноў апынецца ў сфэры ўплываў Расеі. Думаць, што ў сёньняшняй Эўропе дзяржава можа захаваць нэўтральнасьць і не далучацца да якога-небудзь зь вялікіх блёкаў, – самападман, падкрэсьліў польскі спэцыяліст па міжнародных стасунках, прафэсар Раман Кузьняр. Ад гэтага самападману ён перасьцярог і прыхільнікаў дэмакратычных рэформаў на Беларусі. Р. Кузьняр: Пазьбягайце такога рашэньня, бо яно найгоршае з мажлівых! Мы ўжо дасьледавалі такую мадэль міжнародных стасункаў, яна ня спраўдзілася. Незалежнасьць у такім выпадку гарантуецца ўзаемнымі абавязальніцтвамі чужых дзяржаваў. Але вялікія дзяржавы могуць як даць гарантыі незалежнасьці й нэўтралітэту, так іх і забраць. Расея нам калісьці прапанавала не ўступаць у NATO, абяцаючы ўзамен двухбаковыя гарантыі польскай незалежнасьці. Мы гэтую прапанову катэгарычна адхілілі. Гэта састарэлая мадэль, якая выкарыстоўвалася ў яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Вяртаньня ў тыя часы быць ня можа. Каб мець цьвёрдыя гарантыі незалежнасьці, трэба абапірацца на чымсьці большым, чым міжурадавыя пагадненьні. Трэба далучацца да міжнародных супольнасьцяў. Самай разьвітай міжнароднай супольнасьцю на сьвеце зьяўляецца Эўразьвяз. Гэта фантастычна добрае рашэньне з эканамічнага пункту гледжаньня й з пункту гледжаньня бясьпекі. Гарантыяй незалежнасьці й бясьпекі зьяўляецца таксама NATO. І Эўразьвяз, і NATO зьяўляюцца рэальнымі гарантыямі незалежнасьці, а не міжурадавыя пагадненьні, якія сёньня ёсьць, а заўтра – не. Аляксандар Папко Polskie Radio
У сьвеце: