You are here

Беларускую журналістку Вольгу Класкоўскую паранілі нажом

У сераду ўначы з нажавымі раненьнямі ў шпіталь варшаўскага раёну Бяляны трапіла беларуская журналістка Вольга Класкоўская – ёй наклалі швы і яе жыцьцю цяпер нічога не пагражае. Справай нападу на спадарыню Класкоўскую займаецца паліцыя. Пра напад паведаміла сама Вольга Класкоўская. Уначы каля 2-й гадзіны менскага часу яна разаслала знаёмым СМС-паведамленьне наступнага зьместу: “Мне нанесьлі 10 нажавых раненьняў, я ў шпіталі. Наклалі швы. Ляжу ўся ў крыві”. Раніцай тэлефон спадарыні Класкоўскай не адказваў. У шпіталі нам паведамілі, што пасьля накладаньня швоў пацыентка пакінула шпіталь самастойна. “Так, яна была ў шпіталі ўначы, але празь некалькі гадзінаў яе выпісалі да дому,” – сказала дзяжурная мэдсястра прыёмнага пакою Бялянскага шпіталю, што ў Варшаве. Каля 14-й гадзіны паводле менскага часу ў сталічнай камэндатуры паліцыі нашаму Радыё паведамілі, што Вольга Класкоўская дае паказаньні сьледчым. Праз гадзіну нам удалося зьвязацца з самой Вольгай. Класкоўская: “У мяне каля 10 раненьняў, можа больш. Хірургі ўсю ноч шылі мяне”. Карэспандэнт: “Хто гэта зрабіў? Дзе гэта здарылася?” Класкоўская: “Я пайшла ўвечары ў краму, нікому пра тое, што зьбіраюся выйсьці, не казала, нікому не тэлефанавала. Гэта невядомы чалавек зрабіў”. Карэспандэнт: “Ён быў адзін? “ Класкоўская: “Так, адзін і гаварыў ён па-польску. Я запыталася па-расейску: “Ты хто?”, калі ён мяне пачаў біць, у тым ліку, і недалёка сэрца трапіў. Мне здаецца, што гэта была адвёртка, але адмыслоўцы кажуць, што нож. Паліцыя прыехала потым, хуткая дапамога, абкалолі мяне нечым, вопратку паліцыя забрала – усё ў крыві было...” Карэспандэнт: “А з чым ты гэта зьвязваеш?” Класкоўская: “Шчыра скажу, што я настолькі стамілася ад гэтага ўсяго – перасьледу, маразму, што ўжо няма сілаў нейкія высновы рабіць. Але дзіўна тое, што мяне не абрабавалі – у мяне былі грошы, дзіўна і тое, што напад супаў з эскаляцыяй справы вакол маёй дачкі. Суд жа шостага лістапада адбыўся”. Прэсавы прадстаўнік варшаўскай паліцыі, Анна Кандзежоўска заявіла нашаму Радыё, што паліцыя вядзе сьледзтва ў справе нападу на Вольгу Класкоўскую Кандзежоўска: “Паліцыянты ўстанавілі прыкметы гэтага чалавека – гэта малады чалавек ва ўзросьце каля 22 гадоў, і цяпер высьвятляюць усе акалічнасьці гэтага здарэньня”. Вольга Класкоўская і яе был муж Віталь Навумовіч наўзаем абвінавачваюць адно аднаго ў выкраданьні дачкі Міраславы – у Беларусі спадарыню Класкоўскую пазбавілі бацькоўскіх правоў, але яна лічыць гэта незаконным. 6 лістапада ў Варшаве адбылося судовае паседжаньне ў справе выдачы дачкі Вольгі Класкоўскай у Беларусь. На судзе (як паведаміла В.Класкоўская - разам з трыма невядомымі мужчынамі зь Беларусі) прысутнічаў і Віталь Навумовіч, які пасьля паседжаньня быў на кароткі час затрыманы паліцыяй для высьвятленьня асобы. Справай зацікавілася аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International”. Гаворыць прадстаўнік гэтай арагнізацыі Яцэк Бялас. Бялас: “Мы ў гэтай справе знайшлі адваката – гэта спадарыня, якая займаецца справамі, зьвязанымі з выкраданьнем дзяцей і зможа прадстаўляць Вольгу Класкоўскую ў судзе”. Рашэньне ў справе выдачы дачкі Вольгі Класкоўскай Міраславы ў Беларусь суд прыме ў сьнежні. Тры гады таму Вольга Класкоўская выехала ў Польшчу, дзе атрымала палітычны прытулак. Радыё Свабода
Навіны Беларусі: 
Навіны дыяспары: