BelUnija logo

Untitled Document

НАВІНЫ


Беларуская Царква


Публіцыстыка


Тэма падрабязна


 






 



А.Калубовіч "Нашы папярэднікі"

Нашы папярэднікі

Частка 2.


Аўген Калубовіч

Паўстаньне 1831 году ў жніўні месяцы было здушанае ўжо ва ўсіх паветах Беларусі. Ад канца чэрвеня яно працягвалася толькі на поўдні (Пінск, Мазыр, Рэчыца) і ўсходзе (Магілеўская й Віцебская губэрні), у ліпені далучыліся Наваградак і Слонім. Галоўныя ягоныя сілы (з Горадзеншчыны, Віленшчыны й Меншчыны - да 20 000 паўстанцаў з усіх 35-40 000) былі разьбітыя расейскім войскам у баі пад Вільняю 19 чэрвеня.

Яшчэ ў верасьні па лясох хавалася шмат лакальных паўстанцкіх арганізатараў і кіраўнікоў, каторыя прабіраліся да заходняй мяжы Расейскай імпэрыі, але ў сярэдзіне ліпеня болей за 10 000 паўстанцаў адступаўшых з-пад Вільні перайшлі каля Клайпеды прускую мяжу й былі прускім урадам раззброеныя. Іх разьмясьцілі ў лягеры места Фрыдлянда й па навакольных мястэчках і сёлах. Нязначная частка іх засталася ў Прусіі, асноўная ж маса ад лістапада "калёнамі" па болей-меней 150 асобаў кожная з Фрыдлянда рушыла ў Францыю. Ехалі 2 месяцы на вазох праз усю Нямеччыну да места Бэзансон пры швэйцарскай мяжы (дзе ў сям'і напалеонаўскага маёра нарадзіўся вялікі францускі пісьменьнік Віктор Гюго, які пазьней, у 1851-70 гадох, сам пайшоў на эміграцыю й, маючы добрыя інфармацыі ад польскіх і беларускіх эмігрантаў, у часе паўстаньня 1863-64 гадоў публічна выступаў у абарону нацыянальна-вызвольнага змаганьня ў Польшчы й Беларусі).

Францускі ўрад для апекі над эмігрантамі стварыў пад кіраўніцтвам гэн.Лафаета адмысловы Дапамаговы Камітэт і асыгнаваў на пэнсіі для эмігрантаў 3 000 000 франкаў у год.

З Бэзансона, на вуліцах якога тады было чуваць больш мовы эмігрантаў, чымся францускую, за год яны расьсяліліся па Францыі (Парыж і іншыя 24 эмігранцкія асяродкі), а пазьней некаторыя выехалі ў Швэйцарыю (Жэнэва, Цурых), Бэльгію (Брусэль), Ангельшчыну (Лёндан), Італію, ЗША.

Сёньня нам яшчэ не стае многіх дэталяў (для выяўленьня іх патрэбныя спэцыяльныя студыі тагачасных рознамоўных публікацыяў і архіваў), але ведама, што, трапіўшы ў сфэру рэвалюцыйна-вызвольных рухаў Заходняй Эўропы (галоўныя цэнтры якіх былі ў Парыжы й Лёндане), беларускія эмігранты 3-яй масавай хвалі, разам з эмігрантамі польскімі, вугорскімі, італьянскімі й іншымі, далучыліся да розных агульнаэўрапейскіх арганізацыяў, а найперш да "Маладой Эўропы" (заснаванай у 1834 годзе) і "Інтэрнацыянальнага саюзу народаў" (заснаванага ў 1846 годзе), узначальваных Джузэпэ Мадзыні, Лаяшам Кошутам і іншымі; бралі ўдзел у руху карбанараў, вугорскай рэвалюцыі 1848 году й іншых войнах і рэвалюцыях, што ставілі сабе за мэту нацыянальнае вызваленьне народаў і сацыяльнае разняволеньне сялян. Яны трымалі сталую лучнасьць з Беларусяй, дапамагчы ў планаваньні й падрыхтове ў ёй новых вызвольных выступаў ці служылі ёй на ніве інфармацыі й разьвіцьця нацыянальнага мастацтва й навукі.

Спасярод іх было нямала выдатных асабістасьцяў:

Наваградзкі маршалак Язэп Кашыц, кіраўнік паўстаньня ў Наваградзкім і Слонімскім паветах.

Настаўнік Віленскай гімназіі беларускі гісторык Гіпаліт Клімашэўскі, які адшукаў г.зв. Летапіс Быхаўца і ў 1830 годзе ўпершыню апублікаваў зь яго ўрывак.

Маляр-пэйзажыст Вінцэнт Дмахоўскі з Ашмянскага павету, творца рамантычных краявідаў "Бацькаўшчына" ("Двор у Нагародавічах"), "Возера Сьвіцязь", "Веркі", "Каля пераправы", "Пажар у лесе" й г.д. (Ён быў якраз сярод нешматлікіх, што засталіся ва Ўсходняй Прусіі, і ў 1833 годзе вярнуўся дадому).

Графік і кампазітар Напалеон Орда зь Пінскага павету, аўтар славутых малюнкаў і акварэляў "Крэўскі замак", "Горадня", "Сьвіслач", "Менск", "Асьвея", а таксама імшы й некаторых меншых музычных твораў. Эміграваўшы сьпярша ў Аўстрыю, Швэйцарыю, Італію, у канцы 1830-х гадоў ён у Парыжы ўдасканальваў свой малярскі талент у студыі П.Жырара, а музычны - у Ф.Шапэна.

Паручнік паўстанцкага аддзелу на Віцебшчыне паэт Аляксандр Рыпінскі, які 21 лістапада 1839 году ў Парыжы на запросіны Польскага літаратурнага таварыства чытаў для ягоных сябраў рэфэрат пра Беларусь, ейную мову, літаратуру й фальклёр. Выдаўшы яго (у пашыранай рэдакцыі з дадаткамі) у наступным годзе асобнай кніжкаю (цэнзурна забароненай у Расеі), ён тым самым адзін зь першых пашыраў у Францыі й наагул на захадзе Эўропы інфармацыю й веду пра свой паняволены край.

Любасьць да Беларусі спрычынілася да таго, што выклікала (у Парыжы) збліжэньне й трывалае сяброўства А.Рыпінскага з А.Міцкевічам. Пераехаўшы ў Лёндан, ён (настаўнік францускай мовы й маляваньня ў Eagle House School), дзесь каля 1852 году, разам зь сябрам з Наваградчыны, Ігнатам Яцкоўскім (які ў кнізе сваіх успамінаў захаваў для гісторыі беларускай літаратуры весткі пра паэта Паўлюка Багрыма й апублікаваў адзіны ведамы нам дагэтуль ягоны верш "Зайграй, зайграй, хлопчы малы..."), залажыў ва ўласным дому на Grove Place, 5 (дом гэты стаіць яшчэ й цяпер) невялікую ўласную друкарню. У ёй у 1853 годзе асобнымі кніжачкамі трыма выданьнямі ён выдаў напісаную ім у Лёндане баляду "Нячысьцік". У музэі на захоўваюцца дзьве гравюры зь ягоных малюнкаў, падпісаных ім і датаваных 1854 годам.

Міхал Валовіч з двара Парэчча Слонімскага павету, які на пачатку 1833 году тайна з Францыі быў высланы ў Беларусь рыхтаваць новае паўстаньне. Створанае ім зь сялянаў партызанскае злучэньне было разьбітае расейскім войскам, а сам ён схоплены, 21 ліпеня 1833 году загінуў на шыбеніцы ў Горадні.

Эміграцыя актывізавалася ў пашырэньні ў заходнеэўрапейскае прэсе інфармацыі пра ход паўстаньня (ішлі яны на Захад з цэнтралі паўстаньня ў Вільні празь ягонага замежнага агента ў Кёнігсбэргу А.Банальдзі й, паводле паказаньняў К.Каліноўскага, у адрас містэра Альбэрта ў Парыж; у транспартацыі для паўстанцаў зброі; у вэрбаваньні эмігрантаў добраахвотнікаў; у спробе арганізацыі паўстанцаў на пачатку 1864 году ў Прусіі й што асабліва важна - у падрыхтове палітычных і вайсковых кіраўнікоў.

Апошняе рабілася пераважна з дапамогаю цэнтру "Маладой Эўропы" й асабіста Джузэпэ Гарыбальдзі, які ў 1861-63 гадох прымаў беларускіх кандыдатаў у свае вайсковыя школы ў Гэнуі й Кунэо на італьянскім П'емонце.

Тут вучыліся (да прыкладу):

Фэлікс Віславух з Рэчыцкага павету, былы студэнт Маскоўскага й Кіеўскага ўнівэрсытаў, пазьнейшы сябра К.Каліноўскага й У.Малахоўскага. Быў начальнікам паўстаньня ў Троцкім павеце.

Баляслаў Калышка зь Лідзкага павету. Сын эмігранта ў Парыжы. Камандзір зарганізаванага ім Дубіскага паўстанчага палка.

Жыгімонт Мінейка з Ашмянскага павету. Па сканчэньні школы ў Кунэо - вайсковы начальнік Ашмянскага павету й камандзер злучанага паўстанчага аддзелу, у якім, праўдападобна, змагаўся й сябра ягоны па Віленскай гімназіі паэт Ф.Багушэвіч.

Пацярпеўшы няўдачу пад Расолішкамі, хворы на тыфус, 3 чэрвеня 1863 году ўзяты ў палон і асуджаны на кару сьмерці, замененую 12 гадамі катаргі. (Зь Сібіры яму пашчасьліла ўцячы замежы. У 1897 годзе ён яшчэ ваяваў супроць туркаў за Крыт, удастоіўся ганаровага грамадзянства Грэцыі й дажыў да 1925 году.)

Фэлікс Зянковіч з двара Макраны Пружанскага павету. Прыбыў зь Лёндану з марской экспэдыцыяй паўстанцаў-эмігрантаў. Ад ліпеня 1863 году - сакратар краёвага паўстанчага цэнтру ў Вільні. 7 жніўня 1863 году арыштаваны, прысуджаны да расстрэлу, але сасланы на 12 год катаргі ў сібірскія капальні.

Дадамо тут і знаёмага нам Г.Дмахоўскага. Пахаваўшы ў Філядэльфіі жонку, у 1861 годзе з уласнае волі вярнуўся ў Беларусь, улучыўся ў падрыхтоўку паўстаньня; а калі яно пачалося, быў вайсковым начальнікам свайго Дзісенскага павету. У красавіку 1863 году ён зарганізаваў паўстанчы аддзел у суседнім Лепельскім павеце, сам камандаваў ім у баі каля сяла Парэчча Барысаўскага павету 26 траўня 1863 году й, "прабіты 8 кулямі, упаў старац на рукі дарастаючай моладзі".

[Частка І] [Частка IІІ]

на галоўную

©BEZ-Info , 2003-2006
Rating All.BY Каталог TUT.BY